Кожнай роднай душы

КОЖНАЙ РОДНАЙ ДУШЫ
Леанід Пранчак

Год за годам жыццё
Праляціць незваротна.
Адшуміць карагод
Летніх дзён і начэй.
Мне з табой, Беларусь,
Не бывае самотна.
Мне з табой кожны дзень
Цешыць зрэнкі вачэй.

Родных вокан святло,
Весніх песень замова,
Белы ў квецені сад
І вярба над ракой…
Сагравае душу
Беларускае слова,
Я хацеў і хачу
Толькі долі такой!

Дорыць зерню храсток
Цёплай глебы прадвесне.
Ажываюць палі
І гучнее іх хор.
Цешыць сэрца маё
Беларуская песня.
І крыляе яна
Па-над люстрам азёр.

Падрастаюць
У гнёздах лясных птушаняты.
І цвіце васілёк
На зарослай мяжы…
Любы край, ты мой рай,
Ласка мамы і таты,
Ты дыханне і боль
Кожнай роднай душы!

23.07.2021
10.08.2021


Рецензии