Праменьчык надзеi
Шэры дзень апрануўся ў азызлыя хмары.
Гэта наша краіна. Гэта наша турма.
А ў турме не народзяцца светлыя мары.
Мае думкі скаваныя чорным таўром.
Мае вочы блукаюць па цёмным пакоі.
На стале -- недапітае піва, ці ром,
А на сэрцы няма а ні кроплі спакою.
Закрычу, каб суседзі пачулі мяне.
Можа, хто з іх у цемені той адгукнецца,
І пачварная цемра мой лёс абміне,
І святло разгарыцца ў сярэдзіне сэрца.
Гэтак думае сёння мая Беларусь.
Гэтак думаюць добрыя, шчырыя людзі,
Што пачатак духоўны ад неба бяруць:
Ад святла, што іх думкі свабодаю будзіць.
Мне прысніўся сягодня народны пратэст:
Мы да волі ішлі праз балоты і церні.
Хтосьці з вольнай трыбуны зачытваў свой тэкст,
Ад людзей адпаўзалі і хмары, і цені.
Адыходзіў АМАП, пакідаўшы шчыты,
І праменьчык надзеі праз сэрца прабіўся.
Я пачуў ад каханай два словы. А ты?
Ці сустрэў ты яе, ці ізноў разгубіўся?
10.08.2021. Заслаўе
Свидетельство о публикации №121081005224