Весляры на антычнай галеры
Леанід Пранчак
У чэрвеньскім лузе квяціста, мурожна.
У чэрвеньскім небе пагляду бяздонна.
Мы разам нарэшце. На сэрцы трывожна.
І хораша, горача і неўгамонна.
Аддацца да рэшты таемным жаданням
І стаць вяслярамі антычнай галеры!
То ўгору, то ўніз нас кідае каханне.
Руйнуе дазволы і нішчыць бар’еры.
Твой голас змаўкаў, то звінеў з усёй сілы.
Ты то абуджалася, то памірала,
То ў небе высокім, расправіўшы крылы,
Ты кнігаўкай белай надрыўна крычала.
Калі цёплы вецер над намі суняўся,
І вечар напоўніў прастор шчабятаннем,
Мы спалі ў траве, я драмаў і баяўся
Твой сон патрывожыць шчаслівым дыханнем...
Свидетельство о публикации №121080103290