Няпрошаныя слёзы

НЯПРОШАНЫЯ СЛЁЗЫ
Леанід Пранчак

Падораны табою,
Дурманіць ноч язмін,
Пужае варажбою
Гаркавай, як палын.

Няпрошаныя слёзы,
Мне так цябе шкада.
Пакручаныя лёсы:
Каханне, як бяда.

Бывай, світальны горад.
Пабіты, як шчаня.
Натомленасць і змора,
І я, нібы не я.

У полымі світання
Цюльпаны аж гараць.
Такое адчуванне,
Што заўтра паміраць...

Ад самага парога
Кукожыцца душа.
Далёкая дарога.
Шурпатая шаша.

А ты маўчыш. Ні слова,
Збялеў застылы твар
Зацята і сурова,
Як бронзавы ліхтар.

Няпрошаныя слёзы,
Салёная вада...
Ні п’яны, ні цвярозы.
Каханне, як бяда.

Да болю сціснеш пальцы
Замест растайных слоў.
Няўжо, мае вы братцы,
Гэта і ёсць любоў?

20.07.2021 г.


Рецензии