В...

Паміж мной і табою -- адлегласць у дваццаць гадоў.
Гэта ў часе Сусвету ўсяго тры секунды, не болей.
Ты баішся прызнацца мне ў тым, што згубіла свой дом.
Я баюся сказаць, што жадаў табе лепшае долі.

Ты сама разумееш -- паэт -- гэта праведнік слоў.
Ён жыве сваёй рыфмай, натхненнем і вечным спадзевам.
Штосьці ў лёсе тваім ёсьць ад белых і чорных буслоў.
Ты праз сэрца маё іх шляхі, нібы крылы прадзела.

Я кажу табе шчыра: чакаю цябе, прыязджай.
Час не сцёр маіх думак. Ён поўніцца толькі табою.
Тры секунды расстання -- за іх не прастыў нават чай,
Які я заварыў табе сёння з вялікай любоўю.

Не кажы мне аб тым, нібы жыць з адзінотай прасцей.
Я наеўся яе. І прызнаюся шчыра, -- напіўся.
Яна ноччу спаўзае ў мой ложак з параненых сцен,
І шапоча аб тым, што табе я сягоння прысніўся.

08.01.2021. Заслаўе.


Рецензии