Вянок свабоды
Майго белага краю,
Я гукаю дзядоў,
Я Айчыну гукаю.
Крочу разам з вясной
Да надзеі і волі,
Каб пачуццяў вясло
Мы не страчвалі болей.
Пазбірай нас, вясна,
Дай духоўнасці людзям,
Каб надзея расла
З воляй той, што здабудзем.
Каб твой горды народ
Не цураўся больш мовы --
Доўжыў слаўны свой род,
Пашыраючы словы.
Край паданняў сівых! --
Твая вера жывая.
Яна ў крыку савы
Слова "воля" ўжывае.
Яна ёсьць у барах
І рэліктавых пушчах...
Час настаў: нам пара
Стаць кафейнаю гушчай:
Стаць тым дужым звяном,
Што з'яднае народы.
Мы спляцем свой вянок
Для вясны, для свабоды.
Стужка белых надзей
І чырвоная стужка
Упрыгожаць той дзень,
Што пачуцці разгушкаў.
26.03.2021. Заслаўе
Свидетельство о публикации №121061703736