***
У карцэры -- ні вокнаў, ні сьвятла.
У думках -- жнівень: цёплы вечар Пінскі.
Ідзе на службу ў Храм сівы сьвятар.
Праз тры гадзіны горад мой прачнуўся --
На выбарах абразілі людзей.
-- Далоў падман! -- З далёку крык пачуўся...
-- Чаго сядзіш? -- Да праўды мы ідзем.
І я пайшоў пад сцягам нашай волі
Адстойваць голас веры і надзей.
Муры гучалі з песняю Пагоні...
І ты, і я -- да праўды мы ідзем.
На плошчы нас спынілі аўтазакі.
Не даў Амап да праўды ўсім дайсьці.
-- Адкрыць агонь! -- Пачулі людзі заклік.
Ад той каманды горад раптам сьціх.
І пачалося ўвечары такое,
Аб чым ніхто не думаў, не гадаў.
Уладзе праўда наша ў вочы коле.
Яна сціскае нас, бы той удаў.
Без бою здацца тым, хто ў камуфляжы?
-- Трымай ланцуг! -- Ім волю не зламаць...
Хтось лаўку разбіраў: мы вам пакажам
Як біць народ, такую вашу маць...
Гучалі стрэлы: газ атрутны ліўся
На мірны люд, што выбар свой зрабіў.
І ты, і я ў той дзень з Амапам біўся.
І ты, і я пачвар не палюбіў.
Зламалі лёс... Ды не зламалі веру.
Ім не скарыць народ твой, Беларусь!
І вольны сцяг наш бел-чырвона-белы,
Яны ад сэрца ў нас не забяруць.
Сяджу адзін без права перапіскі.
У карцэры -- ні вокнаў, ні сьвятла...
Мой пане Пінск, ты сэрцу родны, блізкі --
Уночы думка не згарыць да тла.
23.04.2021. Сінкевічы
Свидетельство о публикации №121061505424