Мой маленькi рай

Мая планета - дзесяць сотак раю.
Садок: парэчкі, вішня, пара сліў,
Каравая антонаўка старая
І неба - сіне-сонечны разліў,
Як вокам ахінуць - ні дна, ні краю. 

Пяшчотна-саладкавы водар тонкі
Плыве - чаромха недзе расцвіла.
Ужо брыняюць бэзавыя гронкі,
І ў пырсках залацістага цяпла
Руплівы май купае баразёнкі. 

Няхітры опус у чатыры ноты
Развучвае старанны шпак-пяюн.
Цяжар нуды зімовай і ляноты
З плячэй далоў пад звон чуллівых струн
Гаючае вясковай адзіноты. 

Ружовасцю півоні ўспыхне лета
І дзятлавін рассцеле дываны.
Запахне мёдам поўдзень перагрэты.
А сёння п'е густы нектар вясны
Мой рай, мая маленькая планета.


Рецензии
Дзякуй за прыгажосць Слова аб маленькай планеце, Клаўдзія Сямёнаўна!
Такім прыемным напамінкам было маміна слова "дзятлавіны", "дзяцельнік"!
З Новым годам і новымі вершамі!
З цеплынёй,

Ядвига Довнар   03.01.2023 13:29     Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.