Iкона

ІКОНА
Леанід Пранчак

Ікона ў дзядулевай хаце
У рамцы драўлянай вісіць.
З Жыровіцаў Божая маці
З іконы мне ў вочы глядзіць.

Калі мне трывожна ці дрэнна,
Сумуе душа ці пяе,
Заўсёды са мною нязменна
Спагадныя вочы яе.

Каб д’ядал мой лёс не сурочыў
Ад першага дня з году ў год
Яе задуменныя вочы
Мяне берагуць ад нягод.

Той дзіўны пагляд пранікнёны
Мне ў самае сэрца пранік,
Бо ў той старадаўняй іконы
Матуліны вочы і лік.

Прачыстай малітвы патрэба –
Світальнага сонца прамень.
Так мама з высокага неба
Мяне бласлаўляе штодзень.

20 траўня 2021
 


Рецензии