Травень

Травень пачынаецца з травы, а трава кожны раз пачынаецца наноў.

Пальцы елак абдымаюць неба за тонкую талiю,
зялёнае гучаньне бярозы
нагадвае Шапэна, графа Шампаня, адмытага вясновым шампунем
ад сьнежаньскіх сноў,
студзеньскага ступару,
ад лютаўскай літасьці.

Веткi апладыруюць лiсьцю
як бацьки на ранішніку,
замерзлыя кроны
прычэсваюць цёплае паветра,
паветра і кроны давяраюць адзін адному,
як мы ня ўмеем,
яны вырабляюць
нябесны аксітацын.

Зялёныя рэчы ў наскрозь зялёным Космасе - што ты аб гэтым скажаш?

Сам ты ружовы зь белым,
барвовы з пунсовым,
каралавы з цёмна-сьветла-сунічным:
хрусткі цукар костак са сьпелымі ягадамі крыві ў гарачай лядоўні цела.
Ну што ты тут можаш сказаць?..
...
А тым часам
зялёныя ручаi цякуць скрозь зялены лёд,
іх кліча
зялёнае мора.


Рецензии