Необузданное течение жизни
Неўтаймаваная плынь жыцця
Жыццё тым і прывабнае,
што няма ніякіх гарантый.
Я ляжала на правым баку. Боль ад укола нагадвала пра сябе , і на нейкі момант мне падалося, што ватку адпусціла зарана, кроў цяпер прасочваецца праз сарочку і нейкім чынам можа змяшацца з плямай, якую бачыла раніцай на суседскім ложку. Гэта, канечне, было неверагодна, але нешта казытнула маю надумлівасць.
Там ляжала хворая на СНІД дзяўчына з вялікімі, карымі, як спелыя вішні, вачыма. І, успамінючы тыя слёзы, якія ліліся з гэтых вачэй уранку, калі іголкаю пратыкалі кволыя, сколатыя капельніцамі вены, што пахаваліся ў тканіне ссінелых, надутых пухлінаю рук, міжвольна паўставаў вобраз пакутнага цела Хрыстова. Менавіта тады і стварылася гэтая пляма, і яе кроў нібыта цякла, злівалася ў адзін вялікі смутак, які ні сказаць, ні выгукнуць было немагчыма : некаторыя ўжо заснулі, а сказаць хацелася. Хацелася крыкнуць усім, што няма нічога страшнага, што гэтага не трэба баяцца…што мне зусім не страшна, што яе кроў гэтак блізка…
Вены было цяжка знайсці, і гэтыя бедныя, не па дзіцячаму сцятыя ў кулачкаі рукі дрыжаць ад прадчування новых пакут , новага, прадвызначанага лёсам, жорсткага болю. Хопіць ужо! Новая хваля абурэння прайшла, як праз шкло. Празрыстае, чыстае шкло яе існасці. Сутнасць якой белы ліст паперы. Першая проба пяра… Можа, ёй проста хацелася расказаць людзям пра тое, што давядося пачуць з яе вуснаў за гэтыя два дні , і ў пошуках сэнсу , у пошуках вобразных сродкаў тлела душа.
З кім параўнаць яе вобраз? Падстрэлены верабейка? Гадкае качаня? Хлопчык - залётчык? Хворая шэрая мышка? Нехта скажа ў палаце: “ Асцярожна ты з ею! Яна ж ВІЧ- інфіцыраваная!!!”
“Хто не грэшны, кінь у яе камень!”
Чырвоная пляма на лбе. Дзве плямы: адна на адной! Як спечаны яблык. Нібы, сапраўды, хто каменем кінуў, ды так зажыло, зарасло, прыкрылася прамым чубам навіслых на вочы цёмных валос. У позірку недаразвітасць, рукі з характэрнай эпіліптычнай скручанасцю. Хто яе возьме? Каму яна трэба? А яна ўсміхаецца шчырай, шчаслівай усмешкай, пустэча. Нічога не ведае пра жыццё.Жыццём дзіўная.
Нідзе гэтак, як у бальніцы, не адчуваеш яго тонкія ніты, на якіх падвешваюцца людскія лёсы, вытканыя жыццём. Часам ніты гэтыя рвуцца, непрадбачна, злаўмысна, як учора, напрыклад, пад вечар, бачылі, вывезлі труп на каталцы ў першую снежную замець. А некаторыя проста рвуцца, лапяцца, і зноў рвуцца… Неўтаймаваная плынь жыцця выносіць новыя і новыя тканіны…
На заснежаных галінах дрэў паселі чорныя варанякі, чуючы трупны пах, крычаць аж да паўночы, абмяркоўваючы нейкі толькі ім зразумелы план бытнасці, а пасля засынаюць і моўкнуць да раніцы.
Поўнач. Не спіцца. Яна заўважае:
- Вы не спіце?
- Не.
- Мо, планшэт не дае Вам заснуць?
- Не, глядзі сабе. Я так. Думаю пра цябе , і хачу пра цябе напісаць. Ты мне раскажаш?
Дзяўчына ахвотна згаджаецца. Ёй, пэўна, бракуе гэтай увагі, гэтай простай чалавечай цікаўнасці. Ціхенька, каб не пабудзіць астатніх, пачынае свой сповед:
- Мяне маці расціла. Я ў патрэбны час галоўкі не трымала, крычала моцна. Раз бацька не вытрымаў, схапіў вінтоўку, хацеў застрэліць: лепш, хай замаўчыць …Маці не дала. На руках мяне да трох гадоў насіла.
Колькі ж цяпер?
- Дваццаць восем.
Яна замаўчала, пераглядаючы нешта ў планшэце, а я не магла даць веры: на выгляд ёй гадоў васямнаццаць не болей.
- І каму ты там пішаш?
- Андрэю. Мы з ім у тубдыспансары пазнаёміліся, вырашылі пажаніцца.
- Ты і на сухоты хварэла?
- Не, мяне туды на доследы палажылі, а там ён лячыўся ўжо восем месяцаў. З Арміі камісавалі. Мы думалі, што нас разам выпішуць, але мяне выпісалі крыху раней. Ён пасля мяне выйшаў. А на той час я ў нашай бальніцы лячылася…толькі ў іншым аддзяленні.
Хавай, Божа, ад такіх пакут, але, мусіць жа па заслугах?- падумала я. - Вартыя адзін аднаго ! І хто б мог падумаць? Але ж дзе ? У тубдыспансары! Відаць, наркаманіў?
- Як жа ты перанясла ўсё гэта? Ну, я маю на ўвазе, калі даведалася…што ён заразны.
- Ды гэта не ён, а я была вінаватая.
Павісла доўгая псіхалагічная паўза. Але гэта з майго боку, яна ж тым часам асабліва не перажывала, быццам, справа датычылася нечага зусім звычайнага або даўно перажытага. Мяне ахапіла абурэнне:
- Дык ты гэта скрыла?
- Не, я ўсё яму расказала.
- А ён што?
- А ён сказаў : “ Я буду сам рашаць”.
Абурэнне змянілася недаўменнем: “ Вось яно што. Але што гэта? Няўжо , сапраўды, каханне? Можа, каханне, а,можа, штось іншае, але факт таго, пра што гаварыла цяпер гэтая шчаслівая дзяўчына, узмацніў маю ўпэўненасць, і я працягнула гутарку:
- Больш нічога не трэба казаць. Гэтым усё сказана. Гэта, бясспрэчна, каханне. Але што ён гаворыць цяпер? Як плануе далейшае ваша жыццё?
Будзем жыць з ім у Мінску. Ён гаворыць, што не зможа ўвесь час быць са мной. Што, калі будзе прыступ… Але я мама кажу: “ Збяру чамадан, і мяне не шукай. Ты мяне не ўтрымаеш. Паеду, і ўсё!”- вочы-вішні пырснулі капрызкі. - Я ўжо ўмею спраўляцца сама…
Апантаная , поўная шчасця жанчына сядзела перада мной.
Яе жыццё вісела на валаску, а яна трызніла аб шчасці. Яе перарывісты, сумбурны распавяд нагадваў мару-казку і відавочна сведчыў пра яе дзіцячую наіўнасць. Але што я магла ёй у такой сітуацыі параіць або падказаць? Плынь жыцця падчас прымае такія пачварна-неверагодныя формы, што веры можна даць усяму, чаму ўгодна. Можна нават паверыць у добры расклад сямейнага жыцця і дабрабыту на здымнай кватэры ў Мінску, лзе рабіць будзе толькі адзін муж- інвалід, якога на работу прымуць як у абдымкі пасля такога дыягназу. Нават можна паверыць, што ў іх будуць і дзеці, што, кажуць, цяпер, у сучасных умовах медыцынскага дагляду дзеці могуць нават здарованароджанымі. Ды дзяўчына спяшае сама развянчаць гэтыя думкі:
- Я радзіць не змагу. Але я так хачу!
Але трапіўшы ў плынь гэтага фантастычнага, звышэмацыянальнага распавяду , я паддаю ёй ахвоты:
- Калі хочаш, то будзе як хочаш.- Якіх толькі цудаў на свеце няма! – Грудзьмі карміць толькі не будзеш…
- Ды справа не ў гэтым. У мяне ж толькі адна нырка. Другая разарвалася. Ледзь выратавалі, калі аперацыю зрабілі гадоў пяць таму. Сем гадзін ішла аперацыя. Ды яшчэ кіста на яечніку.Трэба ўдаляць.
Божа! Колькі хвароб на адну?- сцялася сэрца ад жалю. Колькі пакут!
Мы сустрэліся ўпершыню, калі яна прыехала з кансультацыі ў Бараўлянах. І адтуль яна прывязла яшчэ адзін страшны дыягназ “ анкалогія”. Тая вялікая радзімая пляма на лбе аказалася небяспечнай.
- Мне сказалі ў Мінску, што гэтая пляма неяк звязана з прыступамі эпілепсіі, трэба было раней…Калі гэта прыбраць, то і з галавой стане лепей.А каб аперацыю можна было мне рабіць, трэба вылечыць лёгкія…
Хацелася неяк супакоіць дзяўчыну, ды яна не выглядала маркотнай. Нешта піша і піша ў планшэце .
- Што ён там піша?
- Піша, што ён цэлы дзень быў заняты: “Кацёнак. Я ж не магу цэлы дзень сядзець ля камп’ютара”.
- І чаму не сядзіцца вам дома?- пытаю ў яе.
- У яго маці п’е. Абыякае творыць. Усё з-за кватэры…
Я не стала распытваць, бо добра вядома, на што здольныя п’яныя людзі.
- Ну, а сам ён не п’е ?
- Не. Ён харошы.
Мяне гэта не здзівіла. Вельмі часта бывае так, што дзеці дзейнічаюць ад супраціўнага. Гэта надавала яму павагі.Так хацелася верыць у добрае, так хацелася нечым суцешыць, дапамагчы:
-Ты абавязкова паправішся, чуеш. Ты будзеш жыць з ім. Але ты мяне паслухай: не гавары яму толькі пра анкалогію. Гэта ўсё пройдзе. Зробіш аперацыю. Усё будзе добра…
- Ён прасіў гаварыць толькі праўду.
- Гаварыць толькі праўду – гэта значыць не гаварыць няпраўды. Але не ўсякую праўду і казаць можна.
Дзяўчына не надала ўвагі маім словам і з захапленнем працягвала свой распавяд:
- Мы былі з ім усюды. Нас ганялі з палаты. Падымаліся ў ліфце, і там засыналі ўночы… Гэта было так прыемна. Я так яго палюбіла!
Вось тая сіла, што вісіць над людзьмі ў прывідна-пачварнай форме, вось тая форма, што сабой вырабляе жыццё!
Цэлы дзень не было ад Андрэя звестак. Вочы-вішні заглыбіліся, пачарнелі. Пытаюся:
- У чым справа?
- Сон прысніўся, што аперацыя не дапаможа.
- Не хвалюйся, кажу,- усё будзе добра.
- Я дык смерці ўжо не баюся…
У тры гадзіны ночы прыйшла доўгачаканая СМСка.
- Ну,што піша Андрэй?
- - Ён мне напісаў: “Ты сама не разумееш, што ты пішаш…”
Такі не ўтрымалася, напісала,- здагадалася я. Але больш нічога ёй ужо не сказала. Няхай разбярэцца сама.
Андрэю было цяпер не да яе. Прыехаўшы дадому, стаў хадзіць у паліклініку рабіць розныя доследы.
Зразумелым заставалася толькі адно. Ён ёй не паверыў. А цяпер, калі доследы, што ён зрабіў, пацвердзілі тое, у чым ён сумняваўся, а галоўнае - сам на сябе нацягнуў сваёй неабачлівасцю!- яму стала страшна. Яшчэ большага страху надала яна весткаю пра свой апошні дыягназ. У святле гэтых падзей думка пра захаванне асабістага жыцця завалодала ўсёй яго існасцю...
Я ўмею складаць тыя словы, што кладуцца як фазлы ў будынак адзінае фразы, а яна нават словы не ўсе разумее, з памылкамі піша. Але ёй разумець і не трэба. Яе фазлы самаадвольна складуцца ў лінію лёсу, насам, будзе як будзе. Мы ж прадумваем, людзі, будуючы вечнасць сваю. Не, яна не пакончыць жыццё самагубствам, зразумеўшы прычыну маўчання, а будзе змагацца ...
І, калі, нават, сонца не стане, яна будзе змагацца, неўтаймаваная плынь жыцця.
Свидетельство о публикации №121051006730