Рабоця

               
Якое шчасце, што ёсць рукі. Імі можна рабіць усё на свеце: іграць на гітары, мыць, шыць, завязваць валасы вузлом… дый мала на што яшчэ патрэбныя рукі! Уся перавага ў тым, што я бяру ручку і пішу ўсё, што мне ўздумаецца, не баючыся, што хтось можа гэта ўсё ўспрыняць, асэнсаваць сваім розумам і скарыстаць  мне на ганьбу або на шкоду. Усё напісанае застаецца. Яго ніхто не можа трансфармаваць, закінуць у карзіну, спампаваць, выкінуць на воблак, сфармаціраваць, сціснць, “свіснуць”. Але ж тое, што пішацца, таму і пішацца, каб нехта яго чытаў.
 Тое, што адбылося сёння, выклікала ў мяне страх. Я зразумела, што існуе ўжо два віды розуму : чалавека і робата. А робаты сёння паўсюль.  Адзін з іх - гэта мой  мабільнік. Так, так, мой   дароны смартфон. Мала таго, што ён  пастаянна выдае месца майго знаходжання, выкідваючы стрэлку навігатара ў выглядзе вожыка, дык ён яшчэ наважыўся мне  пярэчыць, самастойна прымаць рашэнні.  “ На вашым рахунку няма сродкаў”,- кажа ён мне. Бачыце вы яго! Гэты падманшчык сёння ўсіх абвёў вакол пальца. І такога нарабіў непаразумення, у такі зман увёў, што было сорамна перад людзьмі.
Лёша патэлефанаваў мне па дамашнім тэлефоне. Нумар, з якога ён набіраў, быў мне невядомы. Ён не хацеў, каб я набірала яму на рабочы тэлефон, таму і не даў нумар. Калі трэба тэрмінова патэлефанаваць, мабільнік заўжды пад рукою. Гутарка ішла аб рабоце. Ён гаварыў аб такой рабоце, на якую магла б я, на яго думку, уладкавацца. Мне ж хацелася больш дакладнай інфармацыі. І я папрасіла, каб ён сам патэлефанаваў туды і высветліў неабходныя дадзеныя. Дык вось, размову той абарваў катэгарычна, як заўсёды, не даслухаўшы да канца, а я, злосная і раздражненая, разумеючы, што дабіцца справядлівасці можна толькі тады, калі даць яму  пытлю, вырашыла набраць яго нумар па смартфоне. Але гэтая жыўнасць ( назавём яго Рабоця) і не падумала мяне з ім злучаць, маўляў, няма чаго вам сварыцца, астынь, пасля пагаворыш. Гэта я ўжо пасля зразумела, калі стала аналізаваць. А ў той момант  яго манатоннае “ на вашым балансе сродкаў недастаткова” вывела з раўнавагі, і я ледзь не ляснула ім аб стол. Праз некаторы час я ўжо думала, а мо, і сапраўды, так будзе лепей. Гэта ж толькі мы, людзі, зрываемся на эмоцыі, а яны не заўсёды скіроўваюць нас на дабро. Даўшы ім волю, часта шкадуем потым, на той час, калі хапіла б проста стрымаць сябе, перацярпець. Ці ж не разумная істота ляжыць перада мной?
Паколькі разумная істота была без сродкаў, набіраю па дамашнім тэлефоне сваю цётачку і прашу яе :“Патэлефануйце Лёшы,  няхай ён мяне набярэ, бо ў мяне сродкі скончыліся.
- Добра,- кажа тая.
Праз некаторы час, забыўшыся на тое, што на мабільным тэлефоне няма сродкаў, набіраю цётчын нумар – калі ласка – яна са мною гаворыць!  Пасля ўжо думаю : а як жа я  да яе трапіла?  Сродкаў жа не дастаткова! Мне стала сорамна перад цёткай, нібыта, грошы свае эканомлю, тэлефаную ёй зноў, каб апраўдацца:
- Гэта ж Лёша  паклаў на рахунак грошай, а я і не ведала.
Мая нечуваная шчодрасць узрушыла цётку. Яна пачала многа гаварыць, так, што мне ўжо хацелася хутчэй скончыць, і  між іншым дадала, што Лёша ўжо ў курсе.
- Чакай ад яго тэлефанавання.
Ці той Лёша  тэлефанаваў, ці не, невядома, але ж здорова, што
з’явілася магчымасць, тэлефаную сама. І зноў чую :“ на вашым балансе сродкаў недастаткова”…
Карацей, ён набіраў усіх, акрамя Лёшы. Не хацеў, каб мы сварыліся.
 Пасля таго Лёша перабраў мяне. Гаварылі спакойна. Высветлілі, што да чаго. І ўсё абышлося добра.
А вечарам, калі ён вярнуўся з работы, я проста з’ехала з катушак. Лёша прынёс мне ў падарунак адзіны чырвоны цюльпан.  Затулены ў цалафанавую абвертку, ён выглядаў шыкоўна, але нават яна, празрыстая, як шкло, не скрывала ад вачэй відавочную загану: адна з пялёсак у кветкі была пашкоджана.
 - Дзяцел галаву б растоўк, каб яму столькі разоў стукнуць аб дрэва носам, колькі я разоў гаварыла не купляць мне на 8 Сакавіка кветкі без кораня!
 Кожны год адзін і той падарунак : зрэзаныя цюльпаны. Я хачу ружы. Няўжо гэта так цяжка засвоіць, я хачу ружы ў пакеціках з карэннем, каб іх можна было пасадзіць у землю, і потым многа гадоў любавацца на іх прыгажосць. І вось паслухайце толькі, які ён даў мне адказ :
  - Там было восем сартоў, і я не ведаў, які табе выбраць. Я званіў табе цэлых шэсць раз!
Усё правільна, выбраць з васьмі сартоў нераспукнутых руж той, што можа не спадабацца жонцы, значна цяжэй, чым выбраць пэўна ўжо распукнутую кветку з пашкоджаным пялёсткам  -  вялікая дасканаласць мужчынскага розуму.  Той адзіны цюльпан як нельга лепш сімвалізаваў нашы адносіны, што былі ўжо пакоцанымі.  Падарунак быў мяне вартым. Без манікюра, без макіяжу, без футравай шубкі, без усяго таго, што з’яўляецца атрыбутам сапраўднае жанчыны. Дык вось, калі б я ўзяла свайго Рабоцю ў басейн, то, хутчэй за ўсё, ён далажыў бы мне, што Лёша нервуецца, стоячы перад выбарам падарунка. Але ж Рабоця не такі эмацыянальны. Ён прыняў ўсяго толькі адно тэлефанаванне, ды і на гэтым лёг адпачываць. Праляжаў сабе дома, гультайка, а вось цяпер, каб выправіць стан адносін, хоча падласціцца. Зноў сартыруе тэлефанаванні. Захацелася мне сяброўцы  пра сваю жудасную долю расказаць, дакладвае : “ На вашым балансе няма сродкаў”. Набіраю зноў і зноў – адно і тое ж!  Хачу  дахаты – ногі не вядуць, крыўда душыць : куды ісці? Тэлефаную другой сяброўцы – калі ласка! Толькі тая на рабоце ў начную змену. Маме тэлефаную – калі ласка! - бо ёй жа я нічога не скажу, яе ж не трэба турбаваць. Выкідвае мне мой Рабоця самаадвольна : “ Лёша”, як бы гаворыць са мною : “ Не хадзі нікуды, ідзі дадому, цябе Лёша чакае”. Як бы маім думкам падтаквае. Ведае, пся крэў, куды душа гаспадыніна прагне. Канечне ж, да Лёшы.  Так ці не так, але ўпарта тэлефаную зноў да першай сяброўкі, рашыўшы праверыць, ці будзе тое самае зноў. Не паверыце, адказвае мне Рабатушка : “ На вашым балансе няма сродкаў”.
Прыгледзелася я да свайго смартфона. Сапраўды, на жывую істоту падобны. Сваімі трыма дзірачкамі на маленькі тварык падобна.  Глядзіць на мяне, і ціўкае, ціўкае, як дзіця. Есці захоча, ціўкае, паеў, ціўкае, і проста так ціўкае, нібы размаўляе. Стрэлачкі розныя выстаўляе. Сустрэчы розныя назначае. Гляджу на яго, як малпа глядзіць на кніжку. Так і ён калісь будзе глядзець на паслядоўнікаў эвалюцыі.
 Ляжыць мой Рабоця і толькі галоўкаю ківае : “Каб мне далі магчымасць уключыцца ў сістэму ракетнай абароны, я б трымаў усю Зямлю пад сваім кантролем”.
Ого,- думаю я,- нічога сабе заявачкі! Ён ужо і размаўляе са мной віртуальна.
- А што, калі вас стане многа, ці будзеце вы небяспечнымі для нас?- пытаюся ў яго.
- Не, вы да нас добра адносіліся, і мы будзем клапаціцца аб вас . Збяром вас у  спецыяльны заапарк і будзем даглядаць.
Еду ў ліфце,  думаю, як бы яго, часам, не пакрыўдзіць. Ато раскажа потым сваім нашчадкам, калі што якое…


Рецензии