Дзеду

                ПРЫСВЯЧАЕЦЦА: Без вестак у вайну прапаўшым

                ДЗЕДУ

Парос травой сцяжынкі след,
Рыпяць у сенцах тонка дзверы,
Не сустракае ўнукаў дзед,
Прыезду радасны без меры.

Не паднясе іх на плячы,
Абняўшы моцнымі рукамі.
А ў снах прыходзіць уначы,
І размаўляе шчыра з намі.

Не зведаў радасці жыцця,
Як нараджаліся ўнукі.
Праз асалоду пачуцця
Узняць крывіначку на рукі.

Мы падрасталі, кожны год
Парад святкуюць ветэраны.
А ён не мае ўзнагарод,
Нідзе нікім не пахаваны.

Зайздросціў я сябрам сваім:
У іх дзядулі - пераможцы.
Бабуля ж мне была – усім!
І шмат было такіх ў вёсцы.

З жыцця прапаўшыя сышлі
Навалай вогненнай дарогі.
Усё зрабілі, што змаглі,
Дзеля агульнай перамогі.

Былой вайны затух пажар,
Ды крывацёкам сочаць раны.
Час прыбаўляе спіс ахвяр,
З жыцця сыходзяць ветэраны.

Развеяў час ваенны пыл,
Адкрыўшы свету безліч страты,
І векавечны плач магіл
Непахаванага салдата…


Рецензии