Кусалi усе i рвалi на кавалкi...

***
Кусалі ўсе і рвалі на кавалкі.
І недзе тут праходзіў той разрыў.
А мой народ – разважлівы, не палкі –
І пры панах, і пры Саветах жыў.

І выжыў быў… І будаваў ён хаты
Пасля вайны, што знішчыла сыноў.
Народ мой жыў, хоць жыў ён небагата,
І мову меў. Цяпер не мае зноў.

Не гаспадар народ – у сваёй хаце.
Ніколі ў ёй не быў гаспадаром.
І мова вымра, калі вымруць маці,
І слова “хата” вымра, будзе “дом”.

Кусалі ўсе і рвалі на кавалкі.
І зараз рвуць – чужыя і свае.
Жыве народ, але нібы з-пад палкі.
Няхай жа палка мой народ жыве!

18 сакавіка 2021 г., Радашковічы


Рецензии
Жыу! Жыве! I будзе жыць!
З сардэчнасцю, Валянціна.

Валентина Дробышевская   18.03.2021 23:38     Заявить о нарушении
Вялікі дзякуй, Валянціна, за вашу сардэчнасць!

Юрий Боровицкий   09.04.2021 09:04   Заявить о нарушении