Феям вясны!

О, сьветлы дзень сакавіка
Паклон табе зямны!
За звон нябесны жаўрука,
За лёгкі ход вясны!

За ручаёў імклівы бег,
За ціньканне сініц
Аб тым, што тае ўжо снег
І гурбы ўпалі ніц.

Прачнуўся на ўзлеску сон
І ў лесе кураслеп -
Прыгожы белы анямон -
Зямны пакінуў склеп.

Пралесак сініх дываны
Усцяж заслалі гай.
Без іх не можа быць вясны
Гукай ці не гукай!

На вербалозах ля ракі
Працяглае зум-зум
Бо вабяць жоўтыя каткі
Пчол працавітых тлум.

О, восьмы дзень сакавіка -
Дзень радасных падзей!
Ў маёй руцэ - твая рука,
Як замак між людзей!


Рецензии