Горад

Рэчы казённыя скінуўшы, нібыта школьную форму,
Быццам тату, аздабляючы ў графіці шэрыя сцены,
Ў бела-чырвоных сцягах, пасталеўшы, прачнецца наш Горад –
Больш не шрубок для сістэмы.

Выйдзіце, людзі, з кватэр – абдымайце, спявайце, малюйце,
І сустракайце суседзяў са шчырай усмешкай на твары.
Горад, агеньчыкі нашы рассыпаўшы, нібы ў салюце,
Выкрэсліў даўнія свары.

Брудам, слязамі ды кроў'ю мы мусім плаціць за свабоду –
Мкнуцца стрымаць ланцугі, і ў запясці ўразаюцца прагна.
Рана хаваеце Горад – глядзіце, ў нядзелю, як лёду,
Ён узнімаецца з багны.


Рецензии