Катава нявеста

Быў горад сталічны, і дзеўчына ў ім расла,
Ды выйшла за ката – дзівіліся, лаялі, толькі марна.
Адзін паляўнічы таксама сватоў заслаў,
Пачуўшы ў адказ: "Ня пара".

Нічога, што праца – пры шыбеніцы ў турме,
Быў Кату ня роўня Стралок, відавочна, ні на адсотак.
Адзіная вартасць – што добра страляць умеў,
А так – галыцьба, басота.

Стралка з той пары і не бачылі – нездарма:
Ён знік у лясах, і адтуль пагражаў сваім лукам меткім.
Прыносіў ён смерць несумленым уладарам,
А Ёй – палявыя кветкі.

Ды толькі ў натоўпе, як камні ў лясной дрыгве,
Знікалі сляды змагара – не заўважыць і не дабрацца.
Бо ведалі – Кату, чым горай народ жыве,
Тым болей знаходзяць працу.

П'янела дзяўчына ад моцнай яго рукі,
У пральню адносіла фартух, ад плямаў рудых стракаты.
Краіне патрэбны майстры ды працаўнікі.
Уладзе патрэбны каты.

Суседзі саромілі: "Госпада не гняві,
Такія, як Кат, дапамогуць народ зацягнуць у багну,
А грошы прыносяць у попелу ды крыві."
Праверыла – не, ня пахнуць. 

Бо ён жа на службе – ня сам, караля рука,
Хацеў жыць упэўнена, а не разлічваючы на ўдачу,
Бяззлобна казаў: "Я сустрэну твайго Стралка.
І шчыра яму аддзячу."

Не ведаеш літасці – сам яе не прасі.
Нядобрым быў золак, які пабудзіў іх чырвоным пеўнем.
Праз вокны паспела суседзяў пазнаць. Усіх.
І нават Стралка, напэўна.


Рецензии