М. Ч

З маленства помніць мяккі снег,
Пяшчоту матчыну і ласку,
Сляды на белым палатне
У сонечнай бліскучай казцы.

Навокал столькі хараства!
На свет не кожнаму пашэнціць:
І недалёка ад Раства,
І недалёка да Хрышчэння.

Хіба чакае хто бяды?
Яна маланкаю аслепіць…
Не знойдзеш матчыны сляды
На белым снезе і ў небе.

Дзяцінства знікла, бы міраж.
Настаўнікам патрапіў у рукі.
Хто з іх лічыў кіламетраж
Вясковых дзетак да навукі?

Як ім, здаецца ж, не сляпым,
Не бачна простая нагода:
Ён не лайдак і не тупы,
А, шчыра кажучы, галодны.

Іх сэрцы снегам замяло?
Адна знайшлася ў свеце белым,
Пачаставала, чым было,
І ўсё адразу зразумела,

Што ў вучнёўскай галаве.
Пасля спытала далікатна.
І ён прызнаўся, што жыве
У вёсцы з мачыхай і татам.

У яе знайшлося, чым з малым
Галодным гэтым падзяліцца.
І ён, дарослы, не згубіў
Удзячнасці, як жыў у сталіцы.

Сям'я ў яго. Прызнаны ён.
З вышынь немалага ўжо веку
Ён скажа: «Склалася жыццё.
Ды толькі зімы вось без снегу…»

Нібы па цаліку сляды,
На белы ліст – радочкі вершаў.
У іх ён зноўку малады
І з той настаўніцаю першай.

Машынкі не змаўкае стук,
Працуе лёгка, без прынукі.
Ёсць на стале і ноутбук,
Ды не даецца штось навука.

Пылок збярэцца на экран.
Нібы на заінелай шыбе,
Унучка ўжо ў каторы раз
Яму напіша: «Дзед, вучыся!»

Ён спрабаваў, але дарма.
Памылку зробіць – ціск заскача.
А ўнучцы часу ўсё няма
Адно і тое ж зноў тлумачыць.

Ды не спыняе думак лёт,
І не заплача ў падушку.
У машынцы папраўляе ён
Старую, ледзь жывую стужку.

Нясе знаёмай у набор,
Яе лятаюць спрытна рукі.
А будзе ганарар за твор,
Магчыма, меней за паслугі.

Дапамагае справа жыць
І забывацца на хваробы.
А жонка, жонка зноў бурчыць,
Што ён дарэмна гэта робіць.

З гадамі гумар не згубіў,
Таму адкажа ёй: «Даволі!
Кабета, каб дагэтуль піў,
Не далічылася бы болей».

Зіма трывогі і надзей,
Адзначаная Божай ласкай:
Ён зноў парадуе дзяцей
На беларускай мове казкай.

Аж да Хрышчэння ад Раства
У блаславёным гэтым годзе
Хапіла снегу хараства
І сонца ў дзень яго народзін.


Рецензии