Маiсеевы спевы

Адпусці мой народ.
Бо Гасподзь палюбіў яго дужа
за трывалую волю,
яшчэ – за любоў нараспеў.
Аніякага ціску.
Няхай снегападзік ды сцюжа
найлагоднейшай
першаю караю будзе табе.
Беларускае золата
павыцякала скрозь пальцы,
парасплавіўшы,
паагаляўшы да косткі шкілет.
Адпусці мой народ.
Ён павінен дахаты вяртацца,
каб ад подыху чыстых-агністых
Сусвет пацяплеў.
Патрабуе служэння Гасподзь,
але не на каленях.
Гэта цвёрдае зерне хлуснёю
не перамалоць.
Адпусці мой народ,
фараонава дзікае племя.
Адпусці проста сёння,
бо заўтра заплаціш стакроць.


Рецензии
Дзякуй. Кранальна

Вершы   27.06.2021 01:34     Заявить о нарушении