Фея лясоу

Глыбока ў заснежаным лесе
Праз белыя лапы ялін
Хацінку заўважыў у снезе
Малодшы Нічыпараў сын.
Надзея знайсці там спачын
Прывабіла сэрца, і хутка
Ён стукаў у дзверы драбнютка:
«Хто дома? Вандроўнік на ганку!
Паўночы блукаю я тутка,
Пусці, гаспадар, хоць да ранку!»

Яму адчыніла жанчына
І ўраз пакульгала назад
Па пыле, сярод павуціння,
Хаваючы твар і пагляд:
Вядзьмарка Яга акурат
Прытулак дала маладзёну.
Ён сеў каля печы і сонна
Ёй дзякаваў праз ліхаманку:
«Красуня, як цёпла-чароўна
З такой гаспадыняй да ранку!»

Зірнула Яга з недаверам,
Расправіла плечы крыху,
І з ім падзяліла вячэру,
Адсеўшы далей на рагу.
«Ты думаеш, можа, ілгу? —
Праз сон мармытаў абагрэты, —
Але ж я па шчырасці гэта,
І тое ж скажу на світанку
Маёй ратавальніцы светлай,
Лясной гаспадыні — на ранку».

Назаўтра, прыняўшы гарбату
З яе насцярожаных рук,
Пахіленай, чорнай, кудлатай —
Ізноў за старое дзяцюк:
«Як цуд, твайго голасу гук!
Навошта хаваеш ты вочы?
Я бляск у іх бачыў дзявочы,
Калі ты спявала на ганку,
Калі развіталася з ноччу
І тут гаспадарыла ранкам!»

І дзіва — глядзеў ён так шчыра,
Так бачыў пачуцці наскрозь,
Што слаба, а потым і шырай
Усмешка праззяла трыкроць.
Крануўшы руку яе, госць
Угледзеўся ў вочы глыбока,
І позірк палаў да апёкаў:
«Ты фея лясоў, не вядзьмарка!
Даволі тугі ды ўцёкаў!
З табой, гаспадыня, — ўсе ранкі!»

Глыбока ў заснежаным лесе
Праз белыя лапы ялін
Хацінку знаходзіць у снезе
Малодшы Нічыпараў сын.
Імкнецца душа на спачын,
Агонь разгараецца хутка,
І стукае сэрца драбнютка:
«Каханая! Я ўжо на ганку!
Гасцінцаў прынёс табе тутка,
Пусці, гаспадыня, да ранку!»

03.02.2021
Ф.


Рецензии