Чорная ржа

Халімон збудаваў
Велічны палац
І людзям паказаў
Вежы, плот ды пляц.
Ганак, дах і агні -
Найвышэйшы клас !
І куды ні зірні -
Ззянне шкла і бляск.
Зграі плям залатых
У кутах дрыжаць,
Ды схавалася ў іх
Чорная іржа.

Іржа, іржа, чорная іржа.
Любату ўсю зжарэ чорная іржа.

Змайстраваў Халімон
Свой дзяржаўны лад.
Ў ім чынуша, шпіён,
Злодзей, хлус, салдат.
Кожны цягне сабе
Пірага шматок,
Кожны гімны пяе
Ў Халімонаў бок.
Зграі масак дурных
На плячах ляжаць,
А пад скураю іх -
Чорная іржа.

Іржа, іржа, чорная іржа.
Замест добрай душы чорная іржа.

Хутка волю ў людзей
Скраў наш Халімон.
Праўдзе вучаць дзяцей
Кат-сусед ды ён.
Працавітым рукам
Долі не стае.
Добра жыць халуям.
Люд галее й п’е.
Па краіне паўзе,
Стылы сее жах,
Лёс нашчадкаў грызе
Чорная іржа.

Іржа, іржа, чорная іржа.
Нас у бездань нясе чорная іржа.

Хто ты, дружа ж ты мой -
Рыцар ці жабрак ?
Ты сваёй галавой
Маеш думаць як ?
Не хавайся ў сабе,
Хопіць песціць жах.
Можа з'есці й цябе
Чорная іржа.
Каб было лепей ўсім,
Я табе скажу,
Трэба знішчыць зусім
Чорную іржу.

Іржа, іржа, чорная іржа.
Хай баіцца мяне чорная іржа !

Іржа, іржа, чорная іржа.
Хай баіцца ўсіх нас чорная іржа !

17.12.2017., Мінск


Рецензии