Главный кот на белорусском языке
Нягледзячы на тое, што ў нашай сям’і ніколі не было катоў, а толькі сабакі, гэты мой аповед будзе пра ката. Не пра гарадскога пародзістага чысцюлю-інтэллігента, прывучанага да этыкету ў паводзінах і ў межах гаспадарання. І не пра вясковага, хоць і больш простага, але даволі сціплага, а пра дачнага. Спытаеце, а чым ён адрозніваецца? Хоць я і не спецыяліст па катах, але гэту розніцу адразу заўважыла.
Першы раз я ўбачыла гэтага ката зранку ў будні дзень, калі мяне не падводзіць памяць, у панядзелак. Было гадзін сем раніцы. Людзей на лецішчах стала значна менш. З’ехалі на працу ў горад. Толькі што прайшоў цёплы дожджык, таму вуліца была амаль пустая і ціхая. Кот ішоў па вуліцы. Паважна, не спяшаючыся, перавальваючыся з лапы на лапу, а затым збоку на бок, марудна паварочваючы галаву то направа, то налева, а дакладней, то на адно лецішча, то на другое, як ідзе сапраўдны гаспадар, які абыходзіць сваё, кроўнае, абглядаючы ці ўсё на месцы, ці ўсё ў парадку. Тады я неяк і не прыдала гэтай сустрэчы асаблівай увагі. Кот, як кот, чорны з белымі плямамі на правым баку жывата. Хіба мала іх жыве на лецішчах?
Другі раз я яго сустрэла ў лесе. Ён, нібыта дзікі звер, з трэскам прабіраўся праз кусты ядлоўцу і сухое ламачча так, што нават мяне трохі напужаў. З такім трэскам прабіраўся, як быццам, рухаецца па лесе вепр ці каза.
З аповедаў дачнікаў я ведала, што вяпры і дзікія козы ў лесе ёсць, але, як кажуць, сам - на - сам, не сустракала. Наогул, я не баюся лесу і яго звяроў, бо вырасла ў вёсцы каля лесу. І з малых гадоў у дзяцінстве многа часу праводзіла там, спачатку з бацькамі ці бабуляй улетку, якія навучылі мяне збіраць ягады, грыбы, лекавыя расліны, арыентавацца на мясцовасці. А затым, калі падрасла, часта наведвала лес без дарослых, з маім чатырохногім сябрам, каўказкай аўчаркай Арсам. З ім я прывыкла ў лесе адчуваць сябе, як дома. Калі я збірала ягады, ён уладкоўваўся пасярод суседняга лапіка сунічніку і ціха ласаваўся ягадамі. Ніколі не брахаў без патрэбы. І гэтым мне вельмі падабаўся. Бо я таксама ў лесе люблю цішыню. Толькі, калі хтосьці з людзей прыбліжаўся і хацеў падыйсці да мяне, ён ускокваў на чатыры лапы, апускаў мызу і скоса паглядаючы на падыходзячага, пагражальна пачынаў бурчэць. Нібы папярэджваў, што калі яшчэ той наблізіцца яшчэ хоць на крок бліжэй да мяне, то будзе мець справу з ім, Арсам.
Я ўспомніла словы бацькі, які казаў, што дзікі звер ніколі не накінецца на чалавека, калі той не будзе яму пагражаць. Больш таго, дзікі звер сам, заўважыўшы людзей, будзе спяшацца схавацца да таго, як яго прыкмеціць чалавек. Прыродны інстынкт самазахавання. Таму я, пачуўшы трэск, прысела за кустом ядлоўцу і стала пільна ўглядацца ў той бок, адкуль раздаваўся трэск. Мне было вельмі цікава, што там за звярок, такі смелы, што нават не баіцца чалавека? І якое было маё здзіўленне, калі
з чарнічніку вылез кот, той самы – чорны з белымі плямамі на жываце. Убачыўшы мяне, ён нават не прыпыніўся, а кінуў нейкі абыякавы, беглы позірк у мой бок, як быццам гэта я – кот, а ён чалавек, і пашпацыраваў далей па сваіх справах.
Але найбольш за ўсё мяне здзівіў яшчэ адзін выпадак з гэтым катом. Аднойчы, раніцай, працуючы ў агародзе, я пачула пранізлівы крык суседскага ката, якога звалі Капучына. Я, наогул, вельмі люблю папрацаваць раніцай, калі яшчэ няма спякоты, паветра свежае, крама яшчэ зачынена, таму на вуліцы людзей амаль не відаць, акрамя хіба што якога бягуна ці жанчыны з кіямі для скандынаўскай хадзьбы, якая кожны дзень шпацыруе па лясной дарозе, падмацоўваючы здароўе. Выпіўшы на тэрасе кубачак кавы ўся мая істота так і просіцца падысці да кветачкі, вырваць якое-небудзь пустазелле ці проста паліць цёплай вадзічкай агуркі або разнастайную расліннасць, якой я шмат сёлета насадзіла.
У суседзяў, гаспадароў ката Капучына, агароду няма, таму яны раніцай, прыязджаючы на выхадныя, спяць доўга. Хіба толькі выпусцяць Капучына і ён, з выглядам сапраўднага гаспадара, абходзіць свае ўладанні, абглядаючы кожны куточак. На маё прывітанне: «Прывітанне! Капучына,» - кот павольна падымае галаву і ледзь чутка, як быццам не хоча пабудзіць гаспадароў, працяжна мяўкае. А іншы раз, сядзе непадалёку на пянёчку і назірае за маёй працай нават не павітаўшыся.
І тут вось гэты крык. Я спачатку падумала, што можа зноў змяя ўкусіла ката. Бо змеі ў нашым бары таксама водзяцца: вужы, вераценніцы і нават гадзюкі. Да нас у двор толькі вуж аднойчы наведаўся, але калі муж перакінуў яго кіем за вароты, папоўз у лес і больш не вяртаўся. А Вольга, суседка, распавядала, што калісьці, калі наша лецішча было яшчэ не наша, яе кот Капучына мужна ваяваў з гадзюкай. Выганяючы няпрошаную госцю з двара нават паплаціўся лапай, якая распухла пасля ўкусу гадзюкі так, што прыйшлося неадкладна яго вясці да доктара. Лапа загаілася, а пра подзвіг героя Капучыны, гаспадары з падзякай успамінаюць і па сягоднешні дзень. Нешта, мой дружа чытач, я мусіць залішне захапілася адступленнямі. Ёсць у мяне такі недахоп. Але што зробіш, напэўна ідэальных людзей не бывае. Даруй! Пяройдзем да галоўнага.
Дык вось, што я ўбачыла на суседняй дзялянцы, калі выбегла з агароду на крык. Той самы чорны, з белымі плямамі кот, дубасіў з усяго размаху лапамі суседскага Капучыну на яго родным двары.
– І як толькі чужак пералез цераз плот, які амаль што без малога два метры ў вышыню? - Падумала я. Бедны Капучына мужна абараняўся, але не меў такой спрытнасці і вяртлявасці, як чорны. Можа таму, што жыў у гарадской кватэры і быў таўсцейшы за чорнага ката, які прывык выжываць сам? Ды й практыкі бойкаў з катамі ў Капучыны, мабыць, не было. Ён адбіваўся і крычаў з выклікам, быццам клікаў на дапамогу.
Я пачала стукаць кіем па жалезным слупе і крычаць: «Воля! Валодзя! Ката б’юць!» На мой крык выбеглі суседзі. Валодзя, схапіўшы кія, запусціў ім у чорнага ката. Апошні, мабыць, ацаніўшы абставіны і ўбачыўшы, што сілы няроўныя, яшчэ раз з разбегу лупцануў Капучыну па галаве і куляй пераскочыў праз веснічкі. Валодзя кінуўся да свайго выхаванца, схапіў на рукі і панёс у хату. А Вольга падыйшла да мяне і, абураная паводзінамі чорнага ката, паведаміла, што гэта ўжо не першы раз і стала пытацца ў мяне, ці не ведаю я, чый ён. Я адказала, што не ведаю. Я сапраўды не ведала, чый ён. Але відаць было адно, што гэты чорны кот тут свой і адчувае сябе гаспадаром усіх дзялянак і навакольных мышэй, а можа нават і лесу. А людзі? Што людзі? Прыязджаюць, ад’язджаюць…
А ён, кот, тут заўсёды. Жыве, вартуе, наглядае за парадкам і не баіцца ніякіх гарадскіх катоў. Ён – галоўны!
Свидетельство о публикации №120110104416