Змей

– Толькі паслухай, ды не лютуй, не бі,
татачка, татачка, Змей мяне палюбіў!
Ён да мяне лятае з лясных краёў,
ён мяне кліча зорачкаю сваёй.
Кажа хадзіць да рэчанькі па ваду,
кажа, найпрыгажэйшая я іду.
Гора! Штоноч арэхі ды салаўі.
Тата, ратуй, бо Змей мяне палюбіў.

– Змейсіхай быці – сорам, але і плён,
дурня вазьмі, дзяўчо, у тугі палон:
золата хай прыносіць нам у гумно,
робіць работу чорную заадно.
Хлеў адчыні: лускою – ні на парог.
Зладзіш яму яешню з пяці яёк,
мо скарыстаем змееву моц і спрыт;
будзе для нас парадак і дабрабыт.

– Родная кроў, схавай мяне, прытулі,
маці, матулечка, Змей мяне палюбіў!
Ён мне нямілы, нібы жахлівы сон,
неба і сонца крые, як парасон.
Як ён кранае – дрыжыкі па губе,
Змей кіпцюрамі душу маю скубе:
д’яблу душа смачнейшая лепшых страў.
Ён мяне нат нявестаю наракаў.

– Годзе турбот, дурненькая ты мая,
Што жанішкоў у свеце – нібы шчаўя:
Саўка ды Грышка, Юзічак ды Панас –
Тузін сватоў даедзе яшчэ да нас.
Будзе вяселле лекам дзявочых слёз.
Возьмеш сужэнцам, як прыназначыць лёс,
Можа падпаска, можа і караля.
Толькі, дачушка, змеяў не выдумляй.

– Рады шукаю, літасці па зямлі,
Міла сябровачка, Змей мяне палюбіў!
Ззяе вясёлкай – для рыбаловаў жах!
Бачу азёры ў ясных яго вачах,
Бачу люстэрка я ў глыбіні вады…
Ён мяне кліча золаткам між руды.
Мроі лятуць: карэты ды караблі…
З казкі, сяброўка, Змей мяне палюбіў.

– Кажуць, за борам хатачка ў мураве,
Кажуць, вядзьмарка ў хатачцы той жыве.
Цераз мурог пад бэлямі той страхі
Ходзяць дзяўчаткі нішчыць свае грахі.
Ганна каханне збыла, як хто адцяў,
Кажуць, Марынка вытравіла дзіця,
тая вядзьмарка з’ела пчаліны рой,
ды ажаніла Хведара з Зульфіёй.

Скруха і горыч, месяц ды кавылі…
– Бабушка, бабушка, Змей мяне палюбіў.
Я з ім лятала, бабушка, над зямлёй.
Ён мяне кліча птушачкаю сваёй,
ён мяне цісне, бабушка, да грудзей,
Толькі баюся бога я і людзей:
пэўна на ліха чортавы кавалер
песні ўначы чароўныя мне пяе.

– Поскудзі загавораны ад мячэй –
цмока Пярун маланкаю засячэ.
Зладзіш спатканне ў лузе каля ракі,
хутка самлее Змей ад тваёй рукі.
Да навальніцы соннага затрымай!
Ды галаву змяіную закапай.
Шчэ ад Палашкі перадасі прывет:
Змей гэты лётаў некалі да мяне.

– Злосці па косці, здрады як медалі!
Лепш крывадушнай рады ды не далі.
Дзіўная справа, толькі сярод людзей
самы сумленны мой аказаўся Змей.
Пераадолець здолею супраціў.
Змею мой люты, скрасці мяне ляці.
Крылы раскрыю ў полымі крадзяжу,
у  цмочыя вочы з гонарам пагляджу.
Воляю лютай, бураю і вайной,
Змею агністы, борзда ляці за мной!


Зацемка аўтаркі: Па спасылцы хіба лятучы фрэгат падпальваюць.)))

http://www.youtube.com/watch?v=5DBuIhr1Id4


Рецензии
Яёк! Як цудоўна!

Махнач Сергей Юрьевсын   19.11.2020 23:31     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.