Я
Цінькае ў цемрадзі апраметнай
тонкая нотка ў начным паветры.
Сведчыць звястунка, што адчувае
сонца ружовае за небакраем!
Я вінаватая з той навіны –
дробная птушачка на верхавіне
самай высокай з усіх бярозы:
зябка на дубчыку тонкім гойсаць!
Недзе ніжэй, у галля галечы,
спяць крумкачы, натурыўшы плечы.
Змружыўшы вейкі, буйная зграя
слухае пільна, як я спяваю.
Соннае вока разьдзелам цэлым
бачыць здалёку ў свае прыцэлы
шытыя золатам незабудкі
на аксамітным маім абутку.
Сплецены чары ў мае карункі,
дык пераблыталі накірункі,
ставілі пасткі, ды не злавілі:
біце, ратуйце, Пегаса крылы!
Скача кабылка спрактыкавана
гонам не ў багну, а па-над багнай.
Смех над страхою, бурнос над дахам.
Я – паляўнічая караля Стаха.
Я нечаканчык, неспадзяванка.
Чорт з табакеркі, вужак на ганку.
Марыва, мроя, прывідна пані
з Брэсцкае крэпасці зруйнаванай.
Фрау Кудлатая, міф з аўтаматам,
Цэлю пранізліва і зухавата;
час запыніўся, як чарапаха.
Я – паляўнічая караля Стаха!
Слухай жа вораг, з мяжы апошняй
рокат камення ці кулі пошчак,
ці найсвяжэйшых пасля залевы
ранішняй птушачкі першай спеваў.
Свидетельство о публикации №120080900782