Родной стороне
Адчуванні шчымлівыя, думкі бясконца
Зноў і зноў аб адзінай і любай старонцы.
Аб зялёных барах і імшарах балотных,
І дарогах-сцяжынках знаёмых ды родных.
Колькі песень напісана, складзена вершаў,
Бо ўсе лічаць радзіму малую найлепшай.
І такою яна на ўвесь век застанецца.
Аб ёй марыць душа і баліць часам сэрца.
Тут бацькамі-дзядамі завершаны лёсы,
Тут звіваюцца нашы і зімы, і вёсны.
Калі хтосьці ў разлуцы аб ёй не сумуе,
Той і памяць аб продках сваіх не шануе.
У пагоні за чымсьці чужым, невядомым,
Забываюць сцяжынку да роднага дому.
І цураюцца матчынай мовы напеўнай.
Не турбуе іх горыч сумлення, напэўна.
А без памяці можна хіба быць шчаслівым?
Час жыццёвы імчыцца патокам імклівым.
На мяжы ад грахоў усе хочуць збаўлення,
Каб спакоем, любоўю напоўніць імгненні.
Пакуль ёсць куды ехаць і позна не стала.
Прыязжайце. Вас вёска заўсёды чакала.
Бо яна, як матуля, паплача ў куточку-
І даруе ўсе крыўды дачцэ і сыночку.
2019 год
Свидетельство о публикации №120072905202