Там...

Там…

Там, глыбока--у памяці клунках,
Усё так, як хацелася б сёння.
Ажывае маленства ў малюнках,
Іх вятрыскі-дажджы не прагоняць.

Там пазы маці мазала глінай,
Печ бяліла з аптэчнай зялёнкай.
Там назвалі ў жніво мяне Нінай,
Адарылі радзімай старонкай.

Стравы з печы мы елі ў ахвоту,
Там не ведала фарбы падлога.
І малым, у траве каля плоту,
Нам здавалася сцежка дарогай.

Там так цёпла, утульна і ціха…
Жаль шчымлівы душу працінае--
Фотастужка жыцця адным мігам
Зноў да таты і мамы вяртае.

Там, далёка-далёка за гаем,
Ці на поплаве ў кветках расістых,
Мы маленства сваё і губляем
І знаходзім у думках чыстых.
2019 год


Рецензии
Я здзівіўся і ўсміхнуўся, калі прачытаў пра аптэчную зялёнку: нават не ведаў, што дзесьці так робяць. І мы дадавалі сіньку, калі мы бялілі хату. І такую ж сіньку дадавалі ў пральны парашок пры мыцці пасцельнай бялізны, альбо белага адзення, альбо ручнікоў. Вось так.

Але падлогу мы заўсёды фарбавалі карычневай фарбай. Хоць асабіста мне таксама давялося жыць у доме, дзе падлога ніколі не ведала фарбы. А ў суседнім доме жыла бабуля, у якой падлогі ў хаце не было, замест гэтага яна змазвала зямлю анучай.

Дзякуй Вам, Ніна, за настальгію.

Братислав Либертус-Кармина   28.07.2020 22:29     Заявить о нарушении
І Вам вялікі дзякуй за ўвагу да маёй творчасці. Было вельмі прыемна чытаць ваш каментарый. Усяго Вам добрага.

Нина Ковальчук   29.07.2020 05:49   Заявить о нарушении