Учора, сёння кал небудзь

Паэма-алегорыя

I
Ну што рабіць з сабою
на адзіноце,
калі неба замкнёнае
свінцом хмар,
калі – смутак,
калі – змрок,
калі – цемра?..
Ланцуг пазітыўных думак –
як сродак ад абсалютнай
дэпрэсіі
ці – ад бяссоння.
Месяц – поўны
(натхнення?),
падобны да колца лімона
ці сырнага круга.
Трэба чытаць Кафку,
каб падалей ад гастраноміі,
ці – Пруста,
каб бліжэй да высокага.

II
Дождж…
Кроплі – для сэрца,
паўхвіліны
для скарыстання
адзінай магчымасці
палёту (вяртання)
да чатырох стыхій:
вада – ватэрлініі
на тваёй далоні,
аазіс у пустыні
непаразумення;
агонь – сонца
часоў караля-Сонца
ці, яшчэ глыбей,
першыя вогнішчы –
Юравічы і Бердыж;
зямля – глеба
пад ласкаю селяніна
ці – асфальт у кветках,
намаляваных крэйдай;
паветра – кісларод.
Жыццядайны.
Атмасфера
для жыцця і творчасці.

III
Абуджаю роздумам
спешчаную свядомасць:
гэта ж трэба – за пару крокаў
да шчасця
не пакахаць (ці разлюбіць),
забіўшы ў сабе тое…
стваральнае…
І ўвогуле –
размазваць адну (!) фарбу
па адзіным (!) аркушы,
а ўрэшце пакінуць, каб высахла,
адклаўшы на “калі-небудзь потым”
такую ідэю –
свежую…

IV
Ды заўтра ўвогуле
можа наступіць вясна,
і гэтую задуму
заменіць іншая
ці – мадыфікаваная.
Яшчэ прытоеная
ў нетрах штодзённых фантазій.
Да часу, пакуль прачнецца
крыніца натхнення
і запульсуе ў тваёй галаве:
трэба думаць,
пакуль не нашкодзіў сабе,
ці сябрам, ці знаёмым,
пакуль засталася ў цябе
хоць бы кропля сумлення…

V
Дзень. Каляндар.
Закрэсліваю лічбы
у чаканні нечага
лепшага,
яшчэ больш вартага
ўсё таго ж
роздуму.
Дрыготкім ветразем,
напятым у напрамку
ветру,
расправіць крылы
і з хуткасцю святла
ўзляцець да неба,
калі з сабою
на адзіноце…


Рецензии