Помста Боны цi Помнiк Каханню Барбары Радзiвiл

Пасьвячаю жанчыне, якая выратавала маё жыцце!

Лятуць гады, бы ў небе хмары,
Забылa памяць даўні час...
Адно былых пачуццяў чары
Паданні збераглі для нас.
Аб іх складаюцца быліны
І ажываюць дзеі зноў,
Ўстаюць палацамі руіны,
Дзе ціш самотных курганоў...
З'яўляе памяць чалавеча
Жарсцей былых дух валявы,
Век залаты - Сярэднявечча,
Радзімы нашае - Літвы.
Сплылі з гадамі ў Лету мары
Згас Радзівілаў слаўны род,
Паданне ж аб жыцці Барбары
Збярог у памяці народ.
Кахання гаючая сіла
І смерці змрок перамагла;
Барбара з роду Радзівілаў
Жывой паўстала, як была.
Зноў ружавеюць вусны, шчокі,
Зялёна- светлы промень воч,
Над імі вейкі, як аблокі,
Цямнеюць густа, нібы ноч.
Узлятаюць ластаўкамі бровы,
Шоўк валасоў, як вадаспад,
Сцякае хваляй на абновы,
Ўзлятае з ветрыкам назад. 
                   *     *
                       *
Дачушка Юры Радзівіла-
У дваццаць вёсен - удава.
Хоць прыгажосцю свет дзвіла,
Былінкай сталася знава.
Адправіўся да Бога тата,
А праз паўгода яе муж
На плечы ломкія багата
Халодных наляцела сцюж.
Ад вечных думак абарона,
Што час праходзіць залаты, -
Палац Барбары ў Геранёнах,
Ды Мікалаі - два браты.
Бо век дзявочы – ой, кароткі,
Чуць расцвіла --і пад вянец.
І пойдуць дзеці, мамкі, цёткі--
І вольнаму жыццю канец.
А хто яе, ўдаву, прыкмеціць?
Ці век, як Бог дасць, дажываць?
Ці нарачоны ёсць на свеце?
Ці дасць Бог ёй яго кахаць?
Ў палаца гмаху, бы ў палоне,
Замкнуўшыся, жыві адна,
А на двары ў Геранёнах
Квітнее ды бурліць вясна.
Лятуць на кветкі борзда пчолкі,
Стракозы, шэршні, матылі.
На небе мост паўстаў з вясёлкі,
Каб хмары з рэчкі піць маглі.
                   *     *
                       *
Дзе, як схаваць пачуцці, мроі?
Як адцурацца чорных дум,
Калі жыццё тваё былое
З'яўляе кожны гук і шум?
І ў адзіноце несканчона
Юнацтва ярка паўстае:
У  роднай Вільні ксёндз з амбона
Бацькоў вітае і яе
І ўсё было! І больш не будзе!
І сэрца зноў не ажыве!
Каб не казалі ўпотай людзі,
Што не па-Божаму жыве.
Каб нават позіркам адзіным
Не выказаць кахання смагу,
Не заўважаць, што ёсць мужчыны,
Не бачыць спрыт іх і адвагу!
Адны і тыя ж думкі, строі,
Паўзуць хвіліны, бы смаўжы,
А за акном, як бы на тое,
Вясна і сонца клічуць жыць!
Нам Бог даруе для кахання
І маладосць, і прыгажосць,
І радасць тайнага спаткання,
І рэўнасць, а, часамі, злосць,
Таму - бывайце Геранёны
І строі чорныя ўдавы!
Жыццём у Вільні паланёны,
Барбарын дух, паўстаў жывы!
Хоць роўна сцелецца дарога,
Ды ў душу запаўзае страх,
Сціскае абручом трывога:
Ці правільны абрала шлях?
                   *     *
                       *
      
Ды вось і Вільня! На пагорках
Ляжыць над Віліяй прывольна
Ў касцёлаў коле, нібы ў зорках,
Літвы Вялікай горад стольны!
На ўзгорку вежа Гедыміна
Ніжэй - палацы караля,
Дзе годнасць месціцца ліцьвінаў,
Кім правіцца Літвы зямля!
Там побач з каралеўскім гмахам
Палац сямейны Радзівілаў
Архітэктурай і размахам
Паказвае, хто ў Вільні сіла.
Нўкола сад заморскіх дрэваў,
Дзе водар кветак нос дурманіць:
Тут кіпарыс расце, а злева,
Гібіскус пчолак кветкай маніць.
У бэзавай смузе чаромхі бель,
Парчой звісае  вінаград зялёны,
Няўрымслівы парой вясновай хмель
У'ецца па ствалах у дрэваў кроны.
Цурчыць ручай пад шклом аранжэрэі,
Убраны ў срэбра квецені лімоны
З бялюткага пяску наўкол алеі
Над імі сьветлых піній  парасоны.
                   *     *
                       *
Ля агарожы з вензелямі
Трускавак роўныя рады
Пакаштаваць прасілі самі
Ярка-чырвоныя плады.
Яны найлепей суцяшалі
І гора, і турботаў тлум
І хутка для Барбары сталі
Крыніцай весялейшых дум.
Хоць сукню чорную насіла,
Ды ружай яснаю цвіла,
Бо травур маладосць гаіла,
Кахання прага каб жыла.
Быў чэрвеньскі дзянёк пагожы,
Барбара ягады збірала
Як хтось адтуль, з-за агароджы,
Спытаўся: "Ці б пачаставала?
Бо не відно канца турботам,
Ад думак горка ў галаве".
Дзяўчына глянула. За плотам
Сам Жыгімонт яе заве.
Хоць чуўся сэрца стук трывожны,
Найчырванейшых адабрала:
"Ласуйцеся, мой пан вяльможны!
Збяру яшчэ, як будзе мала".
Пад вензелем у агарожы
Рукі кранула караля
І стала млосна ёй. О, Божа!
Кудысці паплыла зямля.
Упала долу, бы націна
І нават дыхаць перастала.
Ды Жыгімонт быў малайчына,
Прыйшоў і ўратаваў удала.
Калі ж яна адкрыла вочы
То напужалася Барбара.
А Жыгімонт шапнуў ёй: "Хоча,
Найсвентшы, каб мы  сталі пара!"
         
                  *        *
                       *
Каханне нашы сэрцы грэе,
Што прагнуць цішыні спаткання.
Паўстала цудам галерэя
Паміж палацамі да рання.
Там патаемна, без нагляду,
У час вячэрні ці начны
Ён сустракаў сваю наяду,
Каб разм сьніць кахання сны.
Барбара прагна іх чакала,
Бо пакахала ўпершыню,
Ёй пацалункаў было мала,
Жарсці хацелася, агню!
І Жыгімонт гарэў не меней!
Бурліла ў жылах поўдня кроў!
Ен цалаваў яе калені
І  слодыч піў любві дароў.
Імгненнем лета праляцела,
Півоні, ружы адцвілі,
Застаўся сьвежым голас цела
Найсаладзейшы мёд зямлі!
Не раз будзіў іх на світанні
Праменьчык сонца залаты.
Пачулі плётку аб каханні
Барбары родныя браты.
                   *     *
                       *
Іх, сувязь караля з сястрою,
Ужаліла нібы пчала!
"Ён забаўляецца ўдавою,
Як бы наложніцай з сяла!"
"Як прамаўчым, дык пойдзе плётка
Па каралеўству з краю ў край:
Барбара - лёгкая какотка
І ўсіх кахае зазвычай!"
Таго нам толькі не хапала!
Дабавіла сястра турбот!
З князёў якога б пакахала
Ды узвялічыла б наш род!
Пагаманіўшы так паўночы,
Адзінадушна, на ўздзіў,
Рашылі каралю ў вочы,
Сказаць, каб больш к ёй не хадзіў!"
А каб разбіць кахання чары,
Што род іх пагубіць маглі,
Рашэнне гэтае Баобары
У жорсткай форме давялі.
Прыняў іх Жыгімонт ласкава,
Паабяцаў не ганьбіць род.
Ды пачуццё такая справа,
Што не загадвай напярод!
                   *     *
                       *
Паўтыдня Жыгімонт трымаўся,
Але, як з'ехалі браты,
Ён да Барбары зноў падаўся
Пад коўдрай волкай цемнаты.
Яе алькоў. Вакно адкрыта ,
Не скрыпнуў нават каб завес.
Яна на ложку. Спіць нібыта.
Жадае, каб хутчэй залез.
Гарэлі жарсццю клеткі цела,
Шапталі вусны ў забыцці:
"Каханы мой! Я так хацела,
Каб ты адважыўся прыйсці!"
"Я слодыч грэшнага кахання
Хачу с табой дапіць да дна!
Страшней за пекла - развітанне!
Да д'ябла ж я пайду адна!"
Зліліся у экстазе целы.
Ў алькоў, пад  сховай цемнаты,
Зайшоў нячутна прывід белы -
Барбары грозныя браты.
Барбара аж утрупянела!
Крык немы вырваўся з грудзей:
"Я так сама яго хацела!
Забіце лепш мяне скарэй!"
Ды Жыгімонт сказаў сурова:
"Прыход сюды - праступак мой!
Дык будзь каханая гатова
Са мною стаць прад аналой!"
"О, не турбуйцеся багата,
Кароль літоўскае зямлі!
З сабой мы прывялі прэлата,
Бо ведалі за чым ішлі!"
Прамовіўшы такія словы,
Мікола Чорны стаў назад,
Каб, пару абвянчаць гатовы,
Пачаць мог таінства прэлат!
                    *            *
                            *
Каханкамі ляглі яны ў алькоў,
А мужам, жонкаю яны з яго усталі.
Вянчанне было тайным. Сваякоў,
Па просьбе караля,  не запрашалі.
Барбара жыла толькі каралём,
Лавіла  кожны позірк і дыханне,
Старалася заўсёды быць пры ём:
Быў гэта баль, імша ці паляванне.
Падатлівасць бязмежная яе
Рабіла Сігізмунда роўным, сталым.
Ён бачыў, што яна яму дае,
Што ні адна з каханак не давала.
Яшчэ ніколі ў яго жыцці
Ён не шукаў адной жанчыны вочы,
Не застываў нібыта ў забыцці,
Не выглядаў чароўны стан дзявочы!
Барбара зачароўвала яго
Хадою плаўнай, голасу напевам
І ён усё рабіў дзеля таго,
Каб расцвітала іх кахання дрэва.
Прыдворныя заўважылі пры тым
Істотную  паводзін перамену:
Ён стаў рашучым, да жанок святым.ш
Так, Сігізмунд знайшоў сваю "Алену[1]"!
           
                      *           *
                             *
У хуткім часе ў Вільні ён правёў
Мясцовы сейм, дзе, не згубіўшы твару,
На трон з сабою побач сам узвёў
Перад панамі й шляхтаю Барбару!
Калі Барбара ў залю увайшла,
Яе трайным "Vivat" грамадства прывітала
І нават сонца дадало сьвятла,
Бо прыгажэй яе не сустракала!
Аб гэтым пайшлі чуткі па Літве,
А там і каралева Бона ўзнала,
Што сын яе з Барбараю жыве
І на сабе яна яго вянчала.
На Бону вестка тая, як чума
Звалілася, ці пана Бога кара!
Яна змірыцца не магла сама,
Што ёсць Радзівілянкаю Барбара.
Дала загад апавясціць двары
Ва ўсёй Ёўропе і ў літоўскім краю,
Што ні яна, ні Жыгімонт Стары
Барбару за нявестку не прызнюць!
Ганцом у Вільню выслалі загад
Да каралевіча, у Кракаў каб з'явіўся!
Кароль Стары літвінцы быў хоць рад,
Ды  жарсці італійскай ўсё ж скарыўся.
                         *            *
                                *
Кур'ер прымчаў у Вільню той загад
І, хоць яго Барбара не чытала,
Але адчула сэрцам - звады шмат
І гора прынясе ён ім нямала.
Хоць з каралём каханнем паяднаны,
Ды ў Польшчы - яна помніла яскрава -
Меў  яго выбар сеймам быць прызнаны,
Каб весьці пад вянец яе кароль меў права.
У Вавелі Барбару не чакалі,
Магнаты, шляхта слалі ёй праклёны,
Бо з ёй, як з  каралевай, ўраз прапалі
Дынастый планы, важкія для Боны!
Яна ж хацела з Венай парадніцца,
Стаць у Еўропе самай уплывовай!
Страшнейшы шлюб не мог ёй і прысніцца!
"Развесці сына! Ажаніць па новай!"
Так планавала будучыню Бона
Бясконцымі, бяссоннымі начамі.
Барбару прымас Польшчы кляў з амбона,
Магнаты пагражалі ёй мячамі!
                      *           *
                             *
У Петрыкаве  сейм паны сабралі,
Куды і Жыгімонь павінен быў з'явіцца.
Яго прыеду прагна ўсе чакалі!
І ён ляцеў, каб за каханне біцца!
Барбара, каб яд плётак больш не шкодзіў,
Чакаць рашылася ў Дубінках мужыка.
У адзіноце дзень за днем праходзіў,
Пакуль у першы дзень красавіка
Не прыляцела вестка нечакана,
Што Жыгімонт Стары, як свёкар, і кароль,
У годзе 1500 і 48-ым рана
Пакінуў назаўжды людзей
юдоль.
Барбара ў Кракаў мела  у дарогу
Збірацца неадкладна акурат!
Мікола Чорны ёй у дапамогу
Паслаў жаўнераў конных 50.
Прыдворных і жаўнераў кавалькада
Ужо праз дзень ад'ехала ў паход,
Праз тыдзень прыбылі шчасліва ў Радом,
Дзе іх вітаў кароль і ўвесь народ.
                      *           *
                             *
Барбара караля двор пакарыла
Нябачнай прыгажосці тварам, мовай,
Тым, што па-польску складна гаварыла,
Была прыветліваю кожным жэстам, словам.
Яна змагла магнатаў супраціў,
Што біў у твар нібы агонь шалёны,
Зьмяніць на прыязнь так, што абвясціў
Барбару каралевай прымас Боны!
І нават Бона ёй перадала
Калье з дэмантаідаў[2] каляровых,
Як прымірэння знак і, каб  была
Яна адкрытай да стасункаў новых.
"Ты каралева!"-  Бона так пісала -
"І я маліцьму Бога ўсе дні,
Каб ты калье, што для цябе прыдбала,
Насіла, як любові агмяні!
Каштоўныя каменні здабылі
У чэшскай шахце, што адна на свеце,
Хавае ў сваіх нетрах крышталі,
Няведамыя людзям на планеце!
У іх святле чароўным ажывае
Сінь аметысту і агонь рубіну,
Як дыямент на ясным сонцы ззяе,
Прыносіць радасць у турбот   часіну!
Няхай калье цябе суправаджае
На балі і ў сям'і! І знай адна
Яно вачам чароўным нараджае
Прамень нябесны і агонь віна!
Мой верны Монці перадасць вам блаславенні:
На шлюб для сына і табе на памазанне.
Жадаю шчасця!  Пачуцця імгненні
На жаль, не крэсляць Божага задання"
                     *            *
                             *
На сейме спрэчакі падышлі да скону,
Бо сам кароль развеяў шляхты мары
Сказаўшы:"Я лягчэй аддам маю карону
Чым маё слова,  што я даў Барбары!"
У балях, паляваннях цэлы год
Прайшоў для маладых, як сон чароўны,
Ці як сустрэч жаданых карагод,
Дзе кожны дзень падзеямы быў  поўны!
Жывей за ўсіх Барбара там была,
Нястомная у танцах і на ловах.
Яна з калье расстацца не магла
І нават спаць з калье была гатова.
Прыцягвала чароўнае сьвятло!
Яно нібыта лёс яе казала
І, як людзей паблізу не было,
Яна крышталь той палка цалавала.
Так праляталі ў тлуме дні і ночы,
Двор рыхтаваўся да каранавання.
У радасным чаканні ззялі вочы
Барбары, як Венеры ў час світання
Ды чым бліжэй быў каранацыі тэрмін,
Усё часцей было недамаганне.
Барбара цешыла сябе, што будзе сын,
А ўпадак сіл - ёсць вынік хвалявання.
                     *            *
                             *
Недамаганне радасным было
І выклікала радасць у жанчыны,
Надзею, мо дзіця  ў ёй расло,
Пад сэрцам ад каханага  мужчыны.
Але праходзіў месяц і другі,
Недамаганне толькі нарастала.
На твар схуднелы паляглі кругі
Гадзін без болю было вельмі мала.
Нарэшце сьнежня сёмы дзень настаў
І ў сьветлы ранак пад касцёлаў звоны
Сам прымас Польшчы на галовы ўсклаў
Абодвум каралеўскія кароны.
Боль адпусціла крыху і Барбара,
Сабраўшы рэшткі сіл сказала з трону:
"Кароль нябесны мабыць мая пара!
На веер пальмавы зьмяніць магу карону.
Маліцеся, каб міласцю яго
Прыўлашчаны кароль, як адзінокі!
Я так баюся пакідаць яго,
Але я чую сьмерці блізкай крокі!"
На гэтым памутнеў яе пагляд
І рукі апусціліся без сілы.
Шапталі вусны:" Ты - мой райскі сад!
Каханы мой да самае магілы!"
                     *            *
                             *
У Вільню ёй хацелася. Дамоў
Дзе луг вясной вясёлкай кветак грае
Дзе радасна пульсуе ў жылах кроў
І кожны ўздых нясе гаючасць мая.
Не шкадаваў кароль ні грошай, ні шчадрот!
З усёй Яўропы дактароў збіралі.
Кароль ссівеў ад гора ў 30 год,
Ды высілкі ніяк не памагалі.
Барбара чахла прама на вачах,
На жываце гніла, смярдзела скула,
Адзін кароль выносіў гэты пах,
Быў ля яе, пакуль і не заснула!
Прыносіў майскі ветрык бэзу пах,
А спевы салаўёў, як Віслы хвалі,
На момант адвялі і смерці жах,
Барбары вусны ціха прашапталі:
"Мяне ў Вільні пахавай, каханы мой!
Дзе ад жарсці к табе я ўся трымцела
І так баялася застацца удавой,
Бо ўвесь мой век цябе кахаць хацела!
Цалуй мяне, можа ў апошні раз!"
І ў пацалунку торкнулася цела,
Прамень вачэй мядовых раптам згас
І ў вечны рай душа тут адляцела.
                     *            *
                             *
Барбару адпявалі аж тры дні.
У Польшчы, у ВКЛ званы званілі.
Гарэлі сьвечак ясныя агні,
Тры дні ксяндзы аб міласьці малілі.
У дзень чацьвёрты, калі звон заціх,
Труну з Барбараю у катафалк
зьмясьцілі,
Запрэглі воз шасцёркай вараных
І стаў абоз да Вільні мераць мілі.
Абоз  быў з чорных 30-ці падвод,
Колькі гадкоў даў Бог пражыць  Барбары.
Ўстрачаў яго з харугвамі народ,
Заплаканыя ў жонак былі твары.
Кароль ішоў увесь час пехатою
З каханай побач. Адкуль чэрпаў сілы?
Не спаў амаль, ці можа вобраз мроіў
Такі жаданы і да болю мілы!
                     *            *
                             *
Труну з бялейшых мармуровых пліт
Змясцілі з тым калье ў касцёла схроны
А ў тым калье быў ураніл Штeпіт[3] -
Радыяктыўны падарунак Боны

20.07.2020

 

 


[1] Але;на Прыгожая (стар.-грэч.: ;;;;; ;;;;;) — гераіня старажытнагрэчаскай міфалогіі і эпічнай традыцыі, самая прыгожая жанчына ў свеце. Дачка Зеўса і Леды, жонка Менелая, валадара Спарты.
Выкраданне Алены Парысам прывяло да Траянскай вайны.
https://be.wikipedia.org/wiki/

[2] https://www.juwelo.de/edelsteinlexikon/demantoid/#5
Вельмі рэдкі і вельмі каштоўны камень: „дэмантаід“ - на стара-нямецкім дыялекце: „дэманце“, абазначае дыямента-падобны. Мае вельмі шырокую палітру колераў ад фіялетавага да чырвонага, якая пераўзыходзіць нават палітру дыямента.

але надзвычай рэдкі ў прыродзе і вельмі ядавіты крышталь „штепіт“ з групы уранавых мінералаў Найлепшы імітатар каштоўных камянёў: дэмантаіда, дыямента, александрыта.
Першапачаткова быў знойдзены толькі ў невялічкай уранавай шахце ў Чэхіі, недалёка ад горада Яхімов. 
Многацветны, але надзвычай рэдкі ў прыродзе і вельмі ядавіты крышталь „штепіт“ з групы уранавых мінералаў Найлепшы імітатар каштоўных камянёў: дэмантаіда, дыямента, александрыта.
Першапачаткова быў знойдзены толькі ў невялічкай уранавай шахце ў Чэхіі, недалёка ад горада Яхімов.  


Рецензии