Хмары ходзяць нiзка мiж зямлёй i сонцам...

***
Хмары ходзяць нізка між зямлёй і сонцам.
І няма збавення Краю ад тых хмар.
Край прывык да глебы, дзе атрутны стронцый –
Шчасця і няшчасця нашага ўладар.

Так, было і шчасце – у няшчасці Краю:
Гадавалі дзетак, будавалі дом.
А далей што будзе, я і сам не знаю,
Калі ходзяць хмары па-над ім кругом.

Хмары ці не хмары, стронцый ці не стронцый,
А ніхто не хоча Край той аддаваць.
Кожны спадзяецца, што ў яго аконцы
Будзе зноў бясконца сонца шчыраваць.

30. 06. 2020 г.


Рецензии