Без цябе мне не дыхаць
І смугі вераснёвай не піць,
Толькі думкі дзяліць з цішынёю,
Калі сэрца шчымліва баліць.
І не піць аксамітавых ранкаў
З асвяжаючай золкай расой,
Не прывеціць ружовых заранкаў,
Толькі ў снах заставацца з табой…
І нібыта я зноў адчуваю
Смак маліны з далоні тваёй.
Сэрца ўтомна чагосьці чакае,
Не прыходзіць жаданы спакой.
Калі сцежкай жытнёваю крочу,
Углядаюся ў сінь васількоў.
Адбіваюцца ў іх твае вочы,
Што глядзяць на мяне з чыстых сноў.
Свидетельство о публикации №120062007778