Малая радзiма...
Малая радзіма –
У сэрцы ржавее, як цвік,
Як лісце каліны
Ў апошні яе маладзік…
Малая радзіма,
Дзе тата ляжыць за сялом,
Мяне агарнула
Буслоў чорна-белым крылом.
Малая радзіма,
Дзе зараз пяюць салаўі,
Мне сэрца ўкалола,
Як некалі ногі ў жніўі.
Малая радзіма,
Дзе цёткі Алены асвер
У неба упёрся, як дзіўны,
Як казачны звер.
Малая радзіма,
Дзе сонца, дзе копанка, лес,
Дзе я нарадзіўся,
Да песень калісьці ўваскрэс.
Малая радзіма,
Дзе слівы – смачнейшых не еў,
На памяць прыходзіць штодзённа,
Калі пастарэў.
Малая радзіма –
У думках крыніцай звініць,
Як лісце каліны,
Што просіць вадзіцы папіць.
Малая радзіма
Такая малая, як боль,
Што ў сэрцы шчыміць,
Як на ране застылая соль.
Малая радзіма
Жывая, як памяці крык.
Як лісце каліны –
У першы яе маладзік…
10 – 11. 06. 2020 г.
Свидетельство о публикации №120061103101