Дома

Пялёсткаў бела-яблыневы снег
Кладзецца густа ў травы каля плоту.
Трымаю ў жменях цёплую пяшчоту.
Яе тут столькі - можна поўны мех
Набраць ды піць, бы каву, цэлы год
Салодкі пах дзяцінства і радзімы.
...Шчыкетнік хіляць ніц ліхія зімы
Ажыннікі паўзуць на агарод,
І паглынуў бязлітасны грабняк
Сунічна-сенакосныя паляны...
А вечар ад шпачыных свістаў п'яны,
І памяць не дае заснуць ніяк.
На  досвітку прысніцца мамін смех,
Румяны твар і трэск палення ў печы.
Я сёння дома. Сыпле май на плечы
Пяшчотны бела-яблыневы снег.


Рецензии
Цудоўны верш на роднай мове!

Николай Короб   14.08.2020 11:20     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.