Янка Купала. Мая хатка

Мая хатка



І старая, і крывая
Хатачка мая, —
Уся злеплена, як будка,
З аднаго гнілля.
На страсе, як на балоце,
Зрос зялёны мох;
Каты, часам і сабакі
Лазяць па вуглох.
Па дзве шыбы у ваконцы,
І тыя з лучын,
Адны нізенькія дзверцы,
Ганачак адзін.
І ў сярэдзіне у хатцы
Бедна, хоць ты плач:
Непачэсна выглядае,
Бо я ж не багач.
Яе сцен не склютавана,
Няма ў ёй святліц,
З друзу выбіта падлога,
Столь яе з драніц.
Як увойдзеш — пры парозе
З гліны печ стаіць, —
На ўсю хату, як ураднік,
З-пад ілба глядзіць;
А пад печкай — маіх курак
Хаткі-катухі,
Там, як трэба мне ўставаці,
Пяюць петухі.
Напроць печы з дзвюх пліт жорны,
Ля жарон — палок,
Над палком тарчыць пад бэлькай
Коска і брусок.
На куце пад абразамі
Стол стаіць, як пан;
Дзве пры ім таўстыя лаўкі
І адзін тапчан.
Дык во, знайце ж маю хатку,
Родную маю! —
У ёй цэлы век жыву я, —
Ем, працую, сплю,
Хоць старая, хоць крывая,
З аднаго гнілля, —
Не аддам яе нікому,
Бо яна мая!
Бо яна мая!

 

[1905-1907]


Рецензии