Вакно памяцi
Хоць ты далека, ды са мною
Ідзеш дарогаю зямною
І ўваскрашаеш дух паганскі!
Шлюць мне вітанні дуб і сосны,
Чаруюць цішай елак шаты,
Ласіха там, з ёй лось кашлаты,
Там тчэ павук для мухаў кросны.
Асіннік выбег на ўзгорак,
Дзе колісь лес шумеў стары.
Вяліся ў лесе тым звяры,
Мільгалі аганькі вавёрак.
Дрыжэў ад страху ліст асінак
Нібы яны шапталі ўслых,
Як чорт павесіўся на іх -
Такі вось страшны ўспамінак.
Далей на ўзгорку, ля дарогі,
Між рэдкіх хвоек семянных,
Што вышынёй займалі дых,
Узрос бярэзнік беланогі.
У тым лапіку з асін, бяроз,
Расло лісічак, бабак многа,
Стаяў краснагаловік строга,
На мурагах грыб польскі рос.
Далей пад елкамі, дубамі
Баравікоў быў белых рай
І рыжыкаў жаўтлявых зграй,
Што ў кош дзіцячы лезлі самі.
Рака на поўдні агінала
Алешнік і лазы кусты,
Там камарыны піск густы
Бабра хацінка ледзь трывала
За лесам сонейка ўставала,
На Доўгім лузе чэмер рос.
Дзятва пад роўны посвіст кос
У лес па ягады спяшала.
Майго дзяцінства лес чароўны,
Ты праз усе жыцця гады
Мне дараваў глыток вады,
Што быў надзей і планаў поўны!
К табе, як бы ў царкву іду,
Маліцца, хоць ссівелі скроні,
І ўжо не хлапчука далоні
З рачулкі чэрпаюць ваду.
Прабач, што так не быў даўно
І не судзі душу так строга,
Яна змарылася, нябога,
У памяці глядзець вакно.
Свидетельство о публикации №120020704641