Падае снег на лiхтар, на сады i на хаты...

***
Падае снег на ліхтар, на сады і на хаты.
Падае снег на гарбаты суседскі навес.
Я за радок свой чакаю звычайнай расплаты:
Жоўты пясочак… і бездараж, змешаны лес…

Я ўжо чакаю – за вершы – даўно той расплаты.
Можа, таму я іх зараз так рэдка пішу?
Мне б яшчэ чуць, як пяе і кладзецца на хаты
Белы мой снег… І аб гэтым я Бога прашу.

Мне б яшчэ жыць, і кахаць цябе з ранку да ранку,
І цалаваць твае вусны, і водар лавіць валасоў…
Мне б яшчэ стаць і чакаць цябе босым на ганку
І падарыць табе тысячы сонечных, радасных слоў…

29 – 30. 01. 2020 г.


Рецензии