Студзеньскi дождж залiвае сляды...
Студзеньскі дождж залівае сляды
Нашых грахоў і высокіх пачуццяў.
Некалі ён упадзе на сады
Пры развітанні ў зімовым распуцці.
Я лепш памру, ды каб толькі не ты.
Цябе перажыць – не падняць гэты крыж.
І што мне любіць без цябе? Гэту ціш?
Каб жа не ты… Каб жа толькі не ты…
Дык не маўчы і скажы мне "люблю..."
Не, ну, скажы мне адно толькі слова.
Я з-за цябе не сыходжу ў зямлю,
Я для цябе ажываю нанова.
А сыду, будзе дождж, і я там усміхнуся,
Бо падумаю, плачаш па ласцы маёй…
Пацалуеш мяне - у халодныя вусны,
І накрыюць мяне беларускай зямлёй,
Гэтай шчырай зямлёй залатых беларусаў,
Што цалуе усіх у застылыя вусны...
11 – 15. 01. 2020 г.
Свидетельство о публикации №120011500951