Лайдак

Чалавецтва даўно паляцела на Месяц,
З парашутамі скокае са стратасферы,
Тэмп і гучнасць жыцця памнажае на дзесяць;
У пашане улада, вядомасць, кар’ера.

Хто даследуе выбухі, плямы на сонцы,
Хто раманы, паэмы тамамі друкуе,
Гэты б’е, б’е рэкорды шалёна, бясконца,
Той прыватнаю фірмай з прыбыткам кіруе.

Хай лятаюць туды і сюды самалёты,
Хай даследуюць космас сабакі і людзі,
Я не буду зайздросціць: дурная работа.
Я не буду, ты, пэўна, таксама не будзеш.

Я лайдак і не варты ніякай павагі,
Я лайдак і спяваю вясёлыя песні.
Я не доктар навук, не збіраю аншлягі
І не скокаю дзесь па прасторах нябесных.

Наш вялікі брат ведае, пэўна, сэнс вечны
Існавання людзей і прыродных рэсурсаў,
Грошай кошт, словаў кошт і крыві чалавечай
І прычыны вагання тарыфаў і курсаў.

Хай выказваюць жа меркаванне паўстанцы,
Хай кіруюць улады, і Бог іх рассудзіць,
Пад іх дудку не буду кідацца у танцы,
Я не буду, ты, пэўна, таксама не будзеш.

Я не стану філосафам ці музыкантам
(Хоць, бывае, спяваю няскладныя песні),
Не паеду на маршы з вясёлкавым бантам
І ніякага цуда дакладна не здзейсню.

Я адкрыю акно неабдымным абсягам -
Танчаць колеры, гукi i пах вiнаграду.
Я лайдак i не варты нiякай павагi.
І віно вабіць сэрца адзінаю праўдай.

Хай снуе чалавецтва па вуліцах цесных.
Хай смяецца, хай плача, хай б’ецца у грудзі,
Мы не будзем марудзіць з вясёлаю песняй:
Я не буду, ты, пэўна, таксама не будзеш.


Рецензии