А я б устау, узняуся й паляцеу...

***
А я б устаў, узняўся й паляцеў…
Я так у Чаплін родненькі хацеў,
Я так да мамы родненькай хацеў,
Што я б устаў, узняўся й паляцеў,
Дзе яблыня антонаўка, дзе хлеў,
А за хлявом – зялёненькі пасеў…

Не спаў, не піў, не еў, а ўсё глядзеў
Туды, куды мой бусел паляцеў,
Дзе мамін голас і дзе мамін спеў…
Туды б я й ноччу зараз паляцеў!

Сцямнела уваччу, адзін сяджу…
А я б устаў, узняўся й паляцеў,
Каб толькі захацеў, каб толькі захацеў…

Прабач мне, Божа, грэшнаму сумнеў!
Прабач, чаго ў жыцці я не паспеў!

І тут у акно мама пастукала…
Ці то галінка маёй каліны?
“Сынок, па мне не плач,
Мяне прабач… таксама…”
“Мама?”

А я б устаў, узняўся й паляцеў,
Дзе наша цэрква ў атачэнні дрэў…
Ды не паспеў, ды не паспеў…

Так ноч прайшла, і певень пеў…
І я сядзеў, устаць не мог,
Не адчуваў ні рук, ні ног…

Выходзіў ціха ў светлым за парог
Наш негняўлівы, наш сардэчны Бог…

28 – 29. 11. 2019 г.

Цэрква – царква, гомельскі дыялект.


Рецензии