***
* * *
З нагоды адной вечарыны
З калодзежа пад назвай “маладосць”
Жывой вадзіцы мы не зачарпнулі.
Быў кожны на імпрэзе гэтай госць.
Штось згадвалі,
але сябе не чулі.
Няўжо мы так далёка адышлі
Ад тога – ў Каралішчавічах – лесу,
Што аб’яднаць на вечар не змаглі
Уласнага – з агульным інтарэсу?
У Гомлі засталася Ніна Шкляр,
Марыі пабаяліся марозу,
А ён шчыпаў, лютуючы, мне твар,
І ў Фелікса былі ад ветру слёзы…
1.02.2014
Ніна Шклярава
Адказ
Галіне Каржанеўскай
і семінарыстам- каралішчаўчанам
Так, адышлі далёка мы, далёка…
Над Церухой цярусяць снег аблокі,
Даўно засыпаны усе сляды
І нашыя юнацкія гады.
Але ж агонь кастра радкамі тлее,
Хаця і не гарыць, але ж падзея
Усё-ткі адбылася, хоць і ў Гомлі
Я засталася, але добра помню
Жуковіча і Фелікса Баторына,
Насустрач - басанож, мароз, як сцёрань!
Але ж ратуе словам, як заўжды
Нас Анатоль Вярцінскі, не бяды,
Што голас і рука дрыжаць у часе,
Агеньчык разгараецца, не гасне,
І цепліцца надзея, як тады,
Што гэта стрэча, як глыток вады
Для сэрца хворага з юнацтва песняй,
Якую не забылі і пранеслі
Праз дым бясчасся, моладзі ўручылі,
І песня зноў расправіць свае крылы,
А гэта значыць, нашы запаветы,
І мы з табой, не канулі у Лету.
Свидетельство о публикации №119112603222