Вiцебскаму лiстападу 2019

У сцішаным парку апалым кляновым лісцем
Анёлы пад вечар старанна ўсцілалі сцежкі.
І светлай пяшчотай людскія краналі ўсмешкі.
Бо ведалі: ўсмешкай мы душы ад ліха чысцім.

А ноччу на мокрых прыступках святочнай Залы -
Ім неба запальвала зорныя жырандолькі -
Бяссонна, цярпліва, як здольны анёлы толькі,
Па слоўку нізалі ў радкі. І лічылі балы.

І кожную нотку - на тое ж яны й анёлы -
Сагрэўшы ў далонях, упісвалі ў партытуры,
Каб заўтра ўзляцеў "Лістапад" у кастрычнік хмуры,
І сонцам азваўся яму далягляд вясёлы.

І горад спяваў. Лістапад вырастаў да неба.
І свята вясёлкай плыло над стамлёным светам.
І ты ўжо не госцем сябе адчуваў - Паэтам.
Музыкам. І Майстрам. А большага і не трэба.

Ты слова абраў з непагоддзя найлепшым выйсцем -
Прыйсці ў лістапад і паверыць таму імгненню,
Як сціплых катрэнаў тваіх залатую жменю
Анёлы ўкладуць у валізку з кляновым лісцем.

                кастрычнік 2019


Рецензии