Холадна было...
Расстраляным паэтам
Холадна было, яны маўчалі,
Як і сёння раніца маўчыць.
Холадна было ім, не крычалі.
Хто замерз, той болей не крычыць.
Падалі ў пясочак. Ён цяплейшы.
Тоненькім цурком сцякала кроў.
Шчасціла, каго стралялі першым.
Падалі – у неглыбокі роў.
Холадна было тады як сёння.
Сёння сэрца як тады маўчыць.
Сэрца – птушка, а яна спрасоння
Вельмі рэдка раніцай крычыць.
30. 10. 2019 у 7.22 раніцы.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі забітыя больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх 12 выдатных паэтаў і пісьменнікаў.
Свидетельство о публикации №119103001656