Шапацiць па апошняй лiстоце...
Шапаціць па апошняй лістоце,
Па траве і па вуліцы дождж.
І пішу і жыву я ў сумоце,
Як бяспраўны Венецыі дож.
Ні прыбытку ад вершаў, ні славы,
Калі шлях выбірае сам Бог.
Вось і пішаш Яму для забавы,
Да прабітых кладзеш Яму ног.
І ні выдумаць тут, ні ўпрыгожыць:
Шапаціць над дарогаю дождж.
Толькі ён мне радок наварожыць,
А я слухаю толькі, бо дож.
27. 10. 2019 г.
Свидетельство о публикации №119102709338