Литвинова Наталья г. Полоцк, Беларусь
ПОЛАЦК Ў КАЛЕЙДАСКОПЕ СЕЗОНАЎ
Вясновы ранак
Фіранкі красавіцкай акварэлі
Ільсняцца у сутоннасці нябёс.
Люляе ранак колеры-арэлі
У прыгажосці казачных дзівос.
Ружовасць і блакіт плывуць гулліва
Па зіхатлівых хвалях Палаты.
Слязьмі Рагнеды стынуць трапятліва
Вярбіны сарамлівыя кусты.
Летні дзень
Патаемнай мядовай лянотай
Разліваецца ліпеньскі дзень.
Аксамітнай духмянай пяшчотай
Ахінае шыпшынавы цень.
Ані хмаркі ў валошкавай сіні!
Промні сонца імчаць ўдалячынь.
І пад вокам святой Еўфрасінні –
Яркай квіцені дзіўная плынь.
Восеньскі вечар
Таямніцай у золаце пышнай лістоты
Афарбоўвае восень празрысты абшар.
Летуценні лунаюць у ім, нібы ноты,
І танцуюць аблокі пад музыку мар.
Размалёвана неба зарой вечаровай.
Зіхаціцца Сафія ў люстэрку Дзвіны.
І услед за Скарынам па хвалі барвовай
У адажыо мрояў плывуць туманы
Зімовая ноч
Міргаюць зоркі ў пераліўным перламутры.
Ліхтар высвечвае узорыстасць галін.
Ноч каралеваю гуляе ў снежным футры
Паміж жамчужыстых заінелых вітрын.
Пляце карункі тямнічая завея.
І блішча месяца загадкавы крышталь.
Прад ясным позіркам Ўсяслава-Чарадзея
Зіма разверчвае раскошны белы баль.
ВЯСНОВАЕ СВЯТА Ў ПОЛАЦКУ
Сыпле бэзавы май
араматным буйным фіялетам.
Ўздоўж алеі бруіцца
шыкаўных прахожых струмень.
Абвіваючы Полацк
прыгожым вітым бранзалетам,
Каляровае света
іскрыць, нібы яркі прамень.
Белы шалік лунае,
пад ветрыкам лёгкі і зыбкі.
Тонкі контур дзявочы
хавае квітнеючы бэз.
Над бульварам пануе
срабрыстая музыка скрыпкі.
Аметыставы вечар. Алея.
Гучыць паланэз.
І ліецца матыў
з-пад трапечучых пальцаў скрыпачкі.
Зараз ёй падуладны
і Вечнасць, і Час, і Сусвет.
Ў дзіўным танцы кружыць
цень чароўнай літвінкі-палячкі.
І Агінскі сумуе.
І тлее мінулага след.
Ззяе чырвань зары
ў пералівах вячэрніх рапсодый.
Хараство менуэта і вальса
плыве над Дзвіной.
Акварэлі нябёс
і скрыпічныя тайны мелодый
Любы Полацк са святам
віншуюць пяшчотнай вясной.
АСЕННІ ВЕЧАР У ПОЛАЦКУ
Хвастом жар-птушкі ззяе восень.
Скрозь хмар сутоністы навес
На перламутравую просінь
Фініфцю праступае лес.
І ,быццам росчыркам алоўка
Ў нябёс альбомную эмаль,
Ў блакіце выпісаны лоўка
Лісця пунсова-сумны шаль.
І ў адвячоркавай пяшчоце,
Пад музыку арганных п’ес,
Ў ружовай прывіднай самоце
Лісцё танцуе паланэз
Ў апошняй пышнасці убора…
І блюзняцца скрозь туманы
Крыжы Сафійскага сабора
Ў люстэрку восеньскай Дзвіны.
Свидетельство о публикации №119101407517