Восенi просiнь...

***
Восені просінь над лесам пад вечар заззяла,
Сонечна стала, хоць хмурным, дажджлівым быў дзень.
Мокрае срэбра травы пад святлом загучала,
Нібы траву тую сонца пад вечар прадзе.

Зноў набягаюць маленькія шэрыя хмары,
Сумна іржавы глядзіць у акно маё клён.
Ведае сябра мае запаветныя мары,
Бронзай лісця пасылае зямны мне паклон.

Восені просінь, як творчасці просінь святая.
Хай адлятаюць у вырай ужо жураўлі.
Дзякую ўсім, каго лёс мой і верш мой кранае.
Толькі для вас я жыву і пяю на зямлі.

09. 10. 2019 г., Радашковічы


Рецензии