Крыжы
Бо ў кіно хадзілі,
Бо паспелі літары, лічбы завучыць.
Ды пані эвалюцыя
Нас добра навучыла,
Што жывёлкай большы час дастаткова быць.
Ціха гыркаць, каб цябе
Надта не чапалі,
А калі спатрэбіцца, дык і забрахаць.
Будку падшукаць сабе,
Есцікі што далі.
Так пакуль душа ўнутры не стане скавытаць...
Людцы-людцы, што з нас возьмеш,
Мы якія ёсць.
Мы адводзім вочы ад вачэй.
Выем, брэшам, нам яшчэ
Далёка да нябёс.
І часамі толькі горыч, і часамі толькі горыч
Стакроць
Робіць з нас людзей.
Мы такія розныя,
Дзіва што грызёмся,
Спрэчкі за палітыку і за кім тут Бог.
Лаемся цвярозыя,
Плачам, як нап'ёмся.
Маем прорву кіпцюроў і ўпарты рог.
Ды падчас здараецца,
Забываем сваркі,
Выем адным голасам, іншы — не чужы.
У руках вагаюцца
Кволыя агаркі,
І ляжаць маўклівыя белыя крыжы.
05.04.2019
Свидетельство о публикации №119092607462