Патанула усё у зялёным моры...
Беларусі
Патанула ўсё ў зялёным моры
Лесу, агародаў і лугоў,
У блакітным сонечным прасторы
Неба – між зарослых берагоў
Рэчак, што віюцца і смяюцца,
Між кустоў лазы на берагах,
Між палёў, што паясамі ткуцца,
І чырвонай смолкі на лугах.
Патанулі вёсачкі у дымцы,
У смузе туманных вечароў,
Як на намалёванай карцінцы,
Патанулі ў пышнасці садоў.
Патанулі ў далечы дарогі
І бягуць за жоўтыя палі,
Патанулі вечныя трывогі
У спакоі мірнае зямлі.
Патанаю я душой у жыце,
Што не сёння–заўтра будуць жаць.
Як мне не любіць яе, скажыце,
Як Радзіме вершы не складаць?
28 ліпеня 2019 г.
Свидетельство о публикации №119072803973