Дупло
А пачалося ўсё з таго, што на сваёй дачнай дзялянцы, дзе раслі купкамі некалькі маладых гонкіх сосен, вялізныя елкі і розныя кусты, прывезеныя з гадавальніку, наш сусед па лецішчы Валодзя спілаваў вецце у старога і хворага дрэва.
Чым гэтае дрэва захварэла і ці можна было яго вылячыць ад хваробы - дакладна не ведаю. Ды і сусед, напэўна, таксама не ведае. Але, каб вызначыць, што дрэва хворае, многа ведаць не трэба. Дастаткова толькі зірнуць на яго. Кара на дрэве месцамі патрэскалася, абрасла лішайнікам, галіны паскідалі ігліцу і ніякай карысці яно не прыносіла. Ні ценю ад яго, ні асалоды для вачэй. Нават зараз і не ўспомню, як яно і выглядала знешне. Толькі адна радасць - збіралася каля яго многа птушак, розных - вялікіх і маленькіх, і вельмі прыгожых. Не скажу, што гэта былі нейкія там незвычайныя птушкі. Даволі звычайныя і многім вядомыя - сойкі, дзятлы, дразды, салаўі. Усіх нават і не пералічыш. Але, калі жывеш у горадзе, то з-за клопатаў неяк не заўважаеш той прыгажосці, якая лятае вакол цябе. А тут, у сасновым бары, усё неяк адчуваеш па-іншаму. Як кажа мой сын Арцём: «Мяняюцца каштоўнасці». Радуе вока кожная кветачка, кожная птушачка. І ты сам нібыта пераутвараешся, робішся такі шчаслівы ад гэтай еднасці з прыродай, ад адчування таго, што і ты яе частачка і складаеш с ёй адно цэлае, што называюць мудрагелістым словам - гармонія, калі ўсё ў раўнавазе, усім задаволены і радуешся кожнай хвіліне жыцця. І я так думаю, што гэту самую гармонію адчуваюць не толькі людзі, але і птушкі. Чаму я так думаю? Бо, калі прачынаешся зранку у горадзе, то птушкі, калі і пяюць, то з ноткамі нейкай трывогі ў голасе, а часцей крычаць і каркаюць. А ў нашым лесе нават сарокі не трашчаць. А дразды і салаўі спяваюць так, як быццам у раі. І на душы становіцца так спакойна і лёгка, што нават чалавек, пачынае разумець мову птушак і дрэў.
Дык вось, вернемся да дрэва. Галіны ў хворага дрэва сусед паспілоўваў, а само дрэва і некалькі сукоў пакінуў. Прыкупіў на базары гіпсавую саву і павесіў на сук. Атрымалася вельмі нядрэнна. Як зараз модна казаць – амаль, што артаб’ект.
Аднойчы, прыехаўшы на лецішча, я заўважыла каля суседскага, так называемага «артаб’екта» нейкую мітусню. Калі падышла бліжэй, то ўбачыла, што трава каля дрэва прысыпана дробнымі апілачкамі, а трохі вышэй, у камлі, свяцілася вялізная дзірка. Ды такая кругленькая і роўненькая, як быццам яе свярдзёлкам прасвідравалі. Я так і падумала спачатку: «Напэўна сусед вырашыў зрабіць дупло для птушак. Але чым ён свідраваў дрэва ў глыбіню?» Не паспела я паразважаць над сваім пытаннем, як пачула нейкі рух. На вялікае маё здзіўленне, з гэтай самай кругленькай і роўненькай дзіркі паказалася галоўка птушачкі.
- Дзяцел! - пазнала я птушку. Галоўка з цікавасцю паглядзела на мяне і зноў схавалася ў дупло.
З той пары ў гэтым дупле і пасяліўся дзяцел. Я часта чула яго стук і назірала, як ён лечыць суседнюю сасну, і нават запісала на відэё, як ён спявае. Ніколі раней не чула, каб дзятлы спявалі. І, наогул, пражыўшы на свеце нямала год, не ведала, што яны ўмеюць так прыгожа спяваць. Пэўны час мы спадцішка назіралі за новым суседам, звыкліся і палюбілі яго.
І, вось аднойчы, гатаваўшы сняданак, я пачула трывожныя крыкі птушак. Выйшла паглядзець. І вось, што я ўбачыла. З дупла выглядаў дзяцел, але не той, што быў раней, а большы.
- Няўжо так вырас? - Падумала я. Але тут убачыла таго самага маленькага дзятла. Ён падлятаў да дупла, неяк трывожна крычаў і спрабаваў выгнаць вялікага дзятла. Але апошні, то хаваў галаву ў дупло, то адбіваўся, а калі вылятаў, то паміж птушкамі завязвалася сапраўдная бойка з крыкамі і выдзіраннем пер’я.
Прыехаўшы праз некалькі дзён, маленькага дзятла я не сустрэла зусім. У дупле жыў вялікі дзяцел. Але за ім назіраць мне чамусьці зусім не хацелася.
– У птушак усё, як у людзей, - падумала я. Калі ты слабейшы, то будзь гатовы да таго, што знойдзецца нехта мацнейшы і захоча адабраць тое, што маеш. Такое, наогул, жыццё. І можна многа спрачацца і разважаць над тым, што справядліва, а што не, але законы выжывання на гэтым свеце не зменіш. Так было і так будзе. Заўсёды выжывае мацнейшы. Прыродны ці істотны адбор – неад’емная ўмова развіцця ўсяго жывога, ці, інакш кажучы, – эвалюцыя.
У гэтым годзе ў дупле вывяліся нейкія невялічкія шэрыя птушачкі, падобныя на салаўёў. Пакуль падрасталі – стаяў такі гоман. Маці прылятала і іх карміла. А два тыдні назад дупло апусцела. Прыехалі, а там – ціха. Ці птушаняты выраслі? Ці можа з’еў хто? Змяя ці кот? Не ведаю. Але хочацца верыць у лепшае. (Аўтар Людміла Воранава, Мінск)
Свидетельство о публикации №119070104342