Клюквенный заработок

Журавінны заробак

Хлюпае ў ботах гумовых вада,
Ногі саслізгваюць з мокрых бярвенняў.
Гэта прывычна для нас, не бяда,
Вось толькі б спрыту і крыху цярпення.

Бэрваў замшэлых амаль не відаць,
Вобмацкам у багне знаходзім сцяжыну.
Моц забірае балотняя гаць,
Мех з журавінамі давіць на спіну.

Войкаем, ловім рукой чараты,
Стомлена ў жартах шукаем ратунку.
З ношаю важкай ідзём з паўвярсты,
Хлеб такі смачны ў торбачцы-клунку.

Сонца садзіцца за рэдкі лясок,
Хутка ён нас прахалодаю стрэне.
Там адпачынак жаданы, цянёк.
Ровар там спіну самлелую зменіць.

Вось і прыйшлі. Ношу ягад хутчэй
Здымем на ўзгорак з апалай лістотай.
Можна, канешне, пражыць і лягчэй,
Толькі ў крыві нашай лес і балота.

29-08-2018


Рецензии