Цёплы сонечны чэрвеньскi буднi ауторак...

***
Цёплы сонечны чэрвеньскі будні аўторак.
Дзелавітая пліска працуе ў двары.
Не працую, гуляю, гляджу на узгорак
Я з другога паверха – высокай гары.

Можа, верш напісаў бы, ды спеюць клубніцы,
Значыць, трэба ісці пазбіраць, прыпуціць,
І капусту паліць (яна просіць вадзіцы),
І кампоту зварыць, бо захочацца піць.

Падвязаць памідоры і словы абдумаць,
Што сказаў мне сягоння паэт Башлакоў
Пра выданне, нібыта агульную суму
Прызначэння паэтам народжаных слоў.

Цёплы сонечны чэрвеньскі звыклы аўторак.
І язмін грэе кветак пахучых шары.
Я гляджу на язмін, што залез на узгорак
І не думае злазіць – з высокай гары.

18 чэрвеня 2019 г.

Прыпуціць – упарадкаваць, давесці працу з нечым да канца (гомельскі дыялект).


Рецензии