Як ноччу белы кот пад лiхтаром...

***
Як ноччу белы кот пад ліхтаром
Пільнуе мышак, так пішу начамі:
І ліхтара любуюся святлом,
І зорачак – глыбокімі вачамі.

Пад ліхтаром, і кожны бачыць, як:
Ліхтар, чытач і зоркі нада мною,
І зграя тых прыручаных сабак,
Што славяцца сваёю нематою.

Пад ліхтаром! Нясу сваё святло –
Блакітнае, як чыстыя нябёсы,
Каб ім расквеціць душ жывое шкло,
Каб ім размаляваць чужыя лёсы,

Расфарбаваць даверлівыя душы,
Як промень сонца – спелыя ігрушы.

15 чэрвеня 2019 г., Радашковічы


Рецензии